Анархіста Паліенку перавялі ў Жодзінскі СІЗА без выстаўлення абвінавачання
Затрыманага анархіста Змітра Паліенку 1 красавіка перавялі з мінскага ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар Жодзіна. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на сяброўку актывіста Насту Гусеву.
У ІЧУ гэтую інфармацыю пацвердзілі.
Паліенку затрымалі 20 сакавіка ў ягонай кватэры. Хлопца падазраюць у злосным хуліганстве, але абвінавачанне яму пакуль што не выстаўленае. Яму можа пагражаць ад 3 да 10 гадоў зняволення.
Тэрмін утрыманьня Паліенкі пад вартай без выстаўлення абвінавачання скончыўся 30 сакавіка. У Следчым камітэце спаслаліся на 118-ы артыкул Крымінальна-працэсуальнага кодэксу: ён дазваляе трымаць падазронага пад вартай па рашэнні следчага больш за 10 дзён без выстаўлення абвінавачання.
Пра інцыдэнт, які стаў прычынай затрымання Паліенкі, вядома з дзвюх крыніцаў. Наста Гусева казала, што да Паліенкі на лесвічнай пляцоўцы стаў чапляцца п'яны агрэсіўны мужчына, які спярша абражаў хлопца, а потым стукнуў у твар. У адказ малады чалавек распыліў пярцовы газ з балончыка.
Па сведчанні афіцыйнай прадстаўніцы Следчага камітэта Юліі Ганчаровай, мужчына зрабіў Паліенку заўвагу, што той паліць у пад'ездзе, пасля чаго юнак распыліў пярцовы газ.
Перавод Паліенкі ў Жодзіна без выстаўлення абвінавачання Наста Гусева лічыць сведчаннем палітычнага характару справы. "Паводле маіх звестак, следчыя не могуць знайсці іншых сведак інцыдэнта, а чалавек, які называе сябе пацярпелым, мае дрэнную рэпутацыю сярод суседзяў. Відаць, завесці справу на законных падставах не ўдаецца, але і адпусціць Змітра не могуць, бо ёсць загад яго закрыць", — кажа дзяўчына.
Сябры Паліенкі казалі, што ў ізалятары ён трымаў галадоўку. Следчы камітэт абвяргаў гэтыя звесткі, аднак адвакат хлопца пацвердзіў. Паліенка патрабаваў аказання меддапамогі, аднаўлення ліставання з сябрамі; выдачы яму пісьмовых прыладаў.
Наста Гусева мяркуе, што часткова ягоныя патрабаванні выканалі. Дзяўчына не выключае, што цяпер Паліенка мог спыніць галадоўку, але дакладнага адказу яна не мае.