Прэтэндэнт у прэзідэнты не давёз у Мінск Metallica і канфліктуе з Гагарынай

Андрэй Канавец — 36-гадовы дырэктар турфірмы з салодкай назвай Love Tour. 16 ліпеня нечакана для ўсёй краіны ён падае дакументы у ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, хоча стаць кандыдатам у прэзідэнты. Еўрарадыё размаўляе з патэнцыйным кандыдатам першым:

Еўрарадыё: Андрэй, чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у выбарах?


Андрэй Канавец: А чаму ўвогуле людзі робяцца кандыдатамі?


Еўрарадыё: У кожнага свае мэты. Нехта хоча стаць прэзідэнтам, нехта…


Андрэй Канавец: Я хачу ім стаць.


Еўрарадыё: Чаму менавіта цяпер вам прыйшла такая думка?


Андрэй Канавец: Падышоў узрост, мне споўнілася 36 гадоў. Я атрымаў магчымасць удзельнічаць у выбарах і ўдзельнічаю ў іх.


Еўрарадыё: То бок вы даўно хацелі кіраваць краінай?


Андрэй Канавец: Так, у мяне даўно гэтае жаданне. Я хачу змяніць жыццё ў Беларусі да лепшага.


Еўрарадыё: Магчыма, можаце назваць некаторыя пункты з вашай праграмы?


Андрэй Канавец: Пакуль аб гэтым рана гаварыць. Зарэгіструюць — тады будзем думаць.


Еўрарадыё: Ці знаёмыя вы з кімсьці з іншых патэнцыйных кандыдатаў?


Андрэй Канавец: Не, я нікога з іх не ведаю.


Еўрарадыё: Колькі чалавек у вашай ініцыятыўнай групе, што будзеце рабіць, калі вас зарэгіструюць?


Андрэй Канавец: Як і патрабуе заканадаўства, 100. Ёсць кіраўнік штаба, Дзмітрый Піліпчук. Што будзем рабіць? Там паглядзім. Пачакаем рэгістрацыі.

Як даведалася Еўрарадыё, некалькі гадоў таму Канавец праславіўся тым, што паспрабаваў прывезці ў Мінск культавы гурт Metallica. Гісторыя, праўда, скончылася амаль скандалам, і амерыканцы ў Беларусь не даехалі. Аказалася, музыканты нават не ведалі, што маюць такія планы. Перамовы скончыліся на стадыі абмеркавання ганарару з мэнэджарамі гурта.


А праз нейкі час на Канаўца пакрыўдзілася вядомая расійская спявачка Паліна Гагарына. Маўляў, арганізатары яе беларускага канцэрта не выплацілі абяцанага ганарару. Але акурат гэта патэнцыйны кандыдат адмаўляе. “Не ведаю, што ёй не спадабалася і якія прэтэнзіі. Мы расплаціліся цалкам”, — расказаў Канавец Еўрарадыё. І дадаў, што толькі супрацоўнічаў з арганізатарамі канцэрта.


PR-менеджар Паліны Гагарынай Таццяна мае іншую інфармацыю. “Гэты чалавек — махляр. Арганізатары канцэрта дагэтуль не расплаціліся з намі. Гаворка пра суму памерам прыкладна 12 тысяч еўра. Мы падалі заяву ў нашу пракуратуру. Наколькі я ведаю, справа разглядаецца”, — расказала яна Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі