Андрэй Пачобут: Бліжэйшы тыдзень я хачу правесці са сваёй сям’ёй
Гродзенскі журналіст распавёў Еўрарадыё пра турму і сваё зняволенне, сукамернікаў і канвой, а таксама падзяліўся планамі на будучыню (фотарэпартаж)
Суд апраўдаў журналіста Андрэя Пачобута па артыкуле аб абразе прэзідэнта. Што тычыцца артыкула аб паклёпе, то суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне – тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Андрэя Пачобута вызвалілі прама ў зале суда. Адно з першых інтэрв’ю журналіст даў у жывым эфіры Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Мы віншуем вас з вызваленнем. Як вы самі ацэньваеце прысуд?
Пачобут: Я не здзейсніў ніякага злачынства, я цалкам нявінны, разам з тым мяне прызналі вінаватым. Але тое, што я зараз выйшаў на свабоду, гэта ёсць вынікам ціску на рэжым Лукашэнкі, вынікам увядзення гаспадарчых санкцый у дачыненні да рэжыму. Я гэты прысуд буду абскарджваць, бо, падкрэсліваю, я не вінаваты”.
Еўрарадыё: У вас на твары і на шыі, магчыма, сляды збіцця, ці можаце нешта сказаць на гэты конт?
Пачобут: Сёння мяне, калі вялі на працэс, пасля таго, як увайшлі на тэрыторыю суда, мне так высока паднялі рукі ззаду, што я ўпаў. Я адразу ж напісаў скаргу на гэтыя дзеянні супрацоўнікаў канвою.
Еўрарадыё: Як увогуле было ў турме, як стаўленне з боку сукамернікаў?
Пачобут: У турме вельмі хутка разнеслася, што сяджу я, што сяджу за паклёп на Лукашэнку. Усе ведалі, як я сябе паводжу там, што я змагаюся за свае правы, а такая цвёрдая пазіцыя ў турме выклікае павагу. Мне перадавалі прывітанні, мне ціснулі рукі, калі мяне везлі на суд разам з іншымі людзьмі. Усе жартавалі, што адаб’юць наш канвой. З боку супрацоўнікаў адміністрацыі стаўленне было рознае, там розныя людзі працуюць. Былі выпадкі, калі нармальна ставіліся, былі выпадкі, калі спрабавалі націснуць. Але я за свае правы ўмею змагацца, я там працягваў змагацца за свае правы. На сённяшні момант, калі ацэньваць тое, чаго я дамогся, то ў дачыненні да мяне выконваліся ўсе патрабаванні, якія закон уводзіць у дачыненні да зняволеных асобаў”.
Еўрарадыё: Пакуль вы чакалі вынясення прысуду, на што вы разлічвалі?
Пачобут: Мае сукамернікі казалі, што я сёння пайду дахаты. А я казаў, што сёння разам пойдзем на шпацыр. Калі мяне выводзілі, то канвой, які выводзіць на шпацыр пытаўся у мяне, ці я пайду гуляць пасля суда. Я казаў, што, канешне ж, пойдзем”.
Еўрарадыё: Ці адчувалі вы салідарнасць?
Пачобут: Безумоўна. Я атрымоўваў вельмі шмат лістоў. Нейкая інфармацыя праходзіла праз іншых людзей. Я ведаў пра тое, што адбываецца. Мне вельмі прыемна было, і дадавала нейкай упэўненасці тое, што калі мяне прывозілі ў суд, там было вельмі шмат людзей. Гэта было вельмі важна, бо тады лягчэй сядзець.
Еўрарадыё: Ці за краты даходзіла інфармацыя пра маўклівыя акцыі пратэсту?
Пачобут: Так. Аб гэтым нават размаўлялі супрацоўнікі турэмнай аховы між сабой.
Еўрарадыё: Што плануеце рабіць пасля вызвалення?
Пачобут: Бліжэйшы тыдзень я хачу правесці са сваёй сям’ёй. А пасля я буду нармальна працаваць, буду як і раней займацца тым, чым я займаўся, нягледзячы на тое, што я фактычна ў падвешаным стане. Суддзя гэта вельмі моцна акцэнтаваў, што мяне ў любы момант могуць пасадзіць. Але я збіраюся сябе паводзіць так, як я сябе паводзіў да прысуду.
Еўрарадыё: Ці за каратамі пісалі нейкія матэрыялы?
Пачобут: Я стараўся як мага больш падрабязнасцей запамінаць, каб мець іх у галаве. Я быў перакананы, што калі буду весці нейкія нататкі, то іх у мяне проста забяруць. Буду размаўляць з рэдакцыяй, калі рэдакцыя палічыць цікавым тое, што сам мной адбывалася гэтыя тры месяцы, то я гэта безумоўна апішу.
Еўрарадыё: Ці не збіраецеся ехаць у рэдакцыю польскага выдання, з якім вы супрацоўнічаеце?
Пачобут: Пакуль я не магу пакідаць свой горад. Але калі такая магчымасць будзе, то я паеду ў рэдакцыю, вельмі хачу ім усім падзякаваць.
Еўрарадыё: Ці гатовыя вы маральна да таго, што праваахоўныя органы не пакінуць вас без увагі?
Пачобут: Безумоўна. Я ведаю, што гэта так і будзе. Такая сітуацыя, такая краіна. Я мог уцячы, але я не ўцёк, я застаюся тут і буду рабіць тое, што і рабіў, бо я ніякага злачынства не рабіў.