Андрэй Саннікаў стаў стыпендыятам праграмы Каліноўскага

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў стаў стыпендыятам польскай навучальнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Палітык атрымае стыпендыю ў 1200 злотых (каля 370 долараў).

“Андрэй Саннікаў, Вячаслаў Сіўчык, Дар’я Корсак, жонка Уладзіміра Кобеца — усе яны пайшлі на праграму паслядыпломнай адукацыі. Гэта можа быць творчая праца на абраную стыпендыятам тэму. Стыпендыя ў іх такая ж, як і ў студэнтаў-каліноўцаў, а разлічаная праграма навучання на год”, — расказвае Еўрарадыё куратар праграмы Іна Кулей і дадае, што цяпер стыпендыяльная праграма ахоплівае не толькі бакалаўрыят і магістратуру, але і іншыя накірункі — дактарантуру і паслядыпломную адукацыю, у прыватнасці.

Сам былы кандыдат не каментуе сваё паступленне і не расказвае, якую працу плануе пісаць і пры якім універсітэце. Яго паплечнік Аляксандр Атрошчанкаў чамусьці абвяргае словы куратара праграмы імя Каліноўскага. Ён пераконвае Еўрарадыё, што інфармацыя пра паступленне Саннікава — няпраўда.

Праграма Каліноўскага карыстаецца папулярнасцю сярод беларускіх палітыкаў-эмігрантаў. У прыватнасці, гэтай стыпендыяй скарыстаўся Алесь Міхалевіч. Кажа, што вынікам задаволены.

“Я знаходзіўся ў Варшаве. Мая навуковая кіраўніца была з Інстытута палітычных даследаванняў Польскай акадэміі навук. Але гэта не была вучэбная праграма, гэта была навуковая праграма. У выніку я дапісаў сваю доктарскую дысертацыю і паспяхова яе абараніў у траўні гэтага года”.

Міхалевіч расказвае, што пасля вымушанага ад’езда за мяжу ў беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў з’яўляецца шмат часу і магчымасцяў для навучання. Таму з праграмай Каліноўскага тым альбо іншым чынам звязаны амаль увесь эміграцыйны асяродак.

“Шмат такіх людзей. Усё варшаўскае асяроддзе тым ці іншым чынам звязанае з навучаннем там. І Зміцер Бародка, і Зміцер Бандарэнка. Вельмі шмат такіх дзеячаў”.

Сярод вядомых у апазіцыйных колах асобаў, якія сёлета падалі дакументы на навучанне па праграме Каліноўскага, можна згадаць Вячаслава Дыянава і Сяргея Каваленку. Прычым, першы спрабуе аднавіць навучанне — у 2011 годзе Дыянава адлічылі з польскага ўніверсітэта за прагулы. Займаюцца навуковымі даследаваннямі на сродкі праграмы Каліноўскага сацыёлаг Андрэй Вардамацкі і палітолаг Валер Булгакаў.

Нагадаем, што стыпендыяльная праграма Урада Рэспублікі Польшчы імя Кастуся Каліноўскага была створаная пад патранатам прэм’ер-міністра Польшчы ў сакавіку 2006 года. Яна стваралася з мэтай дапамогі студэнтам, выключаным з беларускіх навучальных установаў па палітычных прычынах. З цягам часу праграма пашырылася таксама на тых, хто не мае магчымасці навучацца ў Беларусі праз свае палітычныя погляды.

Фота belapan.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі