Андрэйка і яго снегавікі
Андрэйкавых снегавікоў пакупнікі гатовыя пачакаць да 2030 года, “важна, каб ён ручку прыклаў да стварэння цацкі”. Чатырохгадовы ўкраінскі хлопчык з Чаркасаў праходзіць курс хіміятэрапіі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі. Разам з мамай Андрэй робіць мілыя святочныя цацкі з пенапласту. І прадае. Каб аплаціць сваё лячэнне. Літаральна за некалькі дзён на рахунак сям'і Сяміліт паступіла 19 тысяч долараў, а Андрэю — 6 тысяч замоваў на навагодняга снегавічка. Цяпер, кажа бацька хлопчыка Антон, збор сродкаў спынены:
"Нам літаральна за 4 дні накідалі ўсю патрэбную суму і замовілі 6 тысяч снегавікоў. Таму дай Бог, каб мы іх за год зрабілі. Людзі тэлефануюць, многія проста так кідаюць грошы і кажуць, што ім не патрэбны снегавікі. Некаторыя абяцаюць, што да 2030 года пачакаюць, бо ім важна, каб ён ручку прыклаў да стварэння снегавіка. Адгукнуліся людзі з Іспаніі, Канады, ЗША, Францыі, Брытаніі... Чатыры дні ў мяне тэлефон не змаўкаў. За апошнія суткі я атрымаў 1700 СМС", — узрушаны мужчына гаворыць і плача.
Мінулай зімой трохгадовы Андрэй перанёс атыт. Пасля хваробы ля вушка з'явіліся два лімфавузлы. Хірургі спаслаліся на запаленчы працэс, які вось-вось пройдзе. Аднак у траўні правы бок твару хлопчыка павялічыўся ў два разы. Дактары спачатку ставілі дыягназ лімфадэніт, але пашыраны аналіз крыві паказаў на востры лімфабласны лейкоз. Першы блок хіміятэрапіі ў Чаркаскім анкалагічным дыспансеры вынікаў не даў.
"Мы адправілі дадзеныя аналізаў у Нацыянальную дзіцячую спецыялізаваную лякарню. Але весткі з Кіева былі несуцяшальныя, — успамінае тата Андрэя. — Сказалі, што прагрэс лячэння не такі, які мусіць быць, і нашы шанцы на выздараўленне меншыя за 15-20 адсоткаў".
Па парадзе знаёмых падаўленыя навіной бацькі Андрэя рашаюцца на паездку ў Гомельскі радыяцыйны цэнтр: літаральна за некалькі дзён яны робяць пашпарт сыну і афармляюць неабходныя дакументы. Цяпер стан хлопчыка стабільны.
"Дыягназ у Чаркасах нам паставілі 10 чэрвеня. А ўжо 8 ліпеня мы прывезлі дзіця ў Гомель. З ліпеня Андрэй там лечыцца. Хвароба ўвайшла ў перыяд рэмісіі, і шанцы на вылячэнне вялікія", — распавядае Антон Сяміліт. Па яго словах, лячэнне ў Гомелі працягнецца яшчэ два гады: да лютага Андрэй будзе знаходзіцца ў стацыянары, пасля яшчэ паўтара года на падтрымліваючай хіміі. Для гэтага сям'я ўжо зняла кватэру ў горадзе: у ёй жыве бабуля Андрэйкі, якая ў выпадку неабходнасці ці прастуды падмяняе маму хлопчыка Алёну. Да таго ж, яна гатуе для ўнука, якому трэба добра харчавацца, бальнічную ежу ён часам есці адмаўляецца.
Спачатку, па падліках сям'і, пражыванне ў Гомелі і лячэнне Андрэя штомесяц абыходзілася ў 2000 долараў. Цяпер, у сувязі з паляпшэннем здароўя хлопчыка, сума скарацілася да 1700-1800 долараў. Пасля выпіскі са стацыянара расходы сям'і павінны знізіцца да 500-700 долараў. Сам Антон працуе ў брата на фірме, якая займаецца помнікамі. Кажа, што 300 долараў, якія ён зарабляе на асноўнай працы, гэта добры на цяперашні час заробак ва Украіне. Але зразумела, што адной працай мужчына не абмяжоўваецца.
Сям'я нават выставіла на продаж кватэру ў Чаркасах, каб было за што перажыць нялёгкі перыяд. Цяпер, калі прыйшла нечаканая дапамога “за снегавікоў”, кватэру вырашылі пакінуць, каб было куды вярнуцца Андрэю праз два гады.
"Цягам паўгоддзя звярталіся да дэпутатаў, у дабрачынныя фонды. Нам паўсюль адмаўлялі: маўляў, вы ж з'ехалі за мяжу, вы ж не захацелі лячыцца ва Украіне. Але мы кажам: "Як лячыцца ва Украіне, калі нам амаль не даюць шанцаў на выздараўленне?! — разважае Антон. Па прычыне "замежнага" лячэння размяшчаць рахункі сям'і адмаўляліся ўкраінскія сайты і тэлеканалы. Але рэзананс у інтэрнэце, выкліканы фота Андрэйкі са снегавічкамі, робіць сваю справу: гісторыяй хлопчыка зацікавіліся ўкраінскія СМІ, і сёння сям'я дае інтэрв'ю тэлеканалу "Интер".
7 снежня Андрэю спаўняецца 4 гады. Ён не ведае, што знаходзіцца ў бальніцы: бацькі кажуць, што цяпер ён у санаторыі, дзе папраўляе здароўе. З ім працуюць псіхолагі. Але хіміятэрапія дзейнічае на хлопчыка па-рознаму: часам яго ванітуе, псуецца настрой.
"Ён не разумее, што я вымушаны працаваць тут, ва Украіне. Адмаўляецца часам са мной размаўляць па скайпе, кажа: "Тата мяне не любіць, тата мяне кінуў", — скрозь слёзы распавядае Антон. — А я не магу да яго прыехаць, бо я мушу зарабляць грошы".
Тым не менш, Андрэй, як і ўсе хлопчыкі, любіць мульцікі пра тачкі ды "Самалёты\Летачкі" і машынкі. А яшчэ — рабіць снегавічкоў: завязвае шалікі ды набівае пенапластам тканіну, якую прастрочвае мама.
За лячэнне Андрэя ў Беларусі трэба заплаціць 34 тысячы долараў: прыкладна такая ж сума, па разліках бацькі, спатрэбілася б сям'і для лячэння ва Украіне. Але беларуская медыцына вельмі прасунутая ў лячэнні падобных захворванняў, перакананы Антон, і вельмі ўдзячны беларускім дактарам, якія робяць усё для выздараўлення Андрэя. Грошы, якія застануцца пасля лячэння, сям'я ахвяруе цяжка хвораму дзіцяці з Чаркасаў. Антон дзякуе ўсім людзям, якія адгукнуліся і дапамаглі маленькаму Андрэю.
Дарэчы, 4 снежня ў Мінску пройдзе майстар-клас па вытворчасці снегавічкоў. Такім чынам мамы і дзеткі дапамогуць Андрэйку выканаць шматлікія замовы са ўсяго свету.
Фота з сацыяльных сетак