Андрусь Горват стаў удзельнікам праекта кампаніі Velcom
16 сакавіка кампанія Velcom прадставіла чацвёрты этап свайго праекту MOVABOX, прысвечанага папулярызацыі беларускай літаратуры. На гэты раз галоўным героем праекта стаў Андрусь Горват, якому папярэднічалі Людміла Рублеўская, Альгерд Бахарэвіч і Віктар Жыбуль.
Прэзентацыю праекта правялі ў Купалаўскім тэатры, дзе фактычна пачынаецца дзеянне кнігі “Радзіва "Прудок"”. Сам пісьменнік пры гэтым спачатку прамаўляў да публікі праз рэтра-радыёпрыёмнік, потым паўстаў на тэатральнай сцэне ў вобразе касманаўта, а затым паўтарыў свой шлях ад тэатральнага дворніка, які нанова "ўладкаваўся" на працу ў аддзеле кадраў.
"Кніга Андруся Горвата “"Радзіва "Прудок"”, якая за кароткі час пасля выхаду ў свет ужо паспела набыць амаль фенаменальную вядомасць ― жывы доказ таго, што адвечная тэма пошуку ўласных каранёў не губляе актуальнасці як для сучасных аўтараў, так і для іх чытачоў", ― сказаў кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту Velcom Зміцер Курловіч.
Вялі прэзентацыю акцёры Купалаўскага тэатра на чале з Паўлам Харланчуком, а запрошанай зоркай стала Аліна Талай. "Кнігу Андруся Горвата я прачытала за два вечары. І быццам вярнулася ў дзяцінства, калі прыязджала да бабулі на вёску", ― сказала бягуння.
Паўдзельнічаць у новым этапе праекта MOVABOX ад сённяшняга дня можна на яго афіцыйным сайце.