Апазіцыйную актывістку з Таджыкістана вызвалілі з брэсцкага СІЗА
Актывістку таджыкскай апазіцыі Шабнам Худайдодаву вызвалілі з брэсцкага СІЗА. Жанчына знаходзілася пад вартай 9 месяцаў. Яе затрымалі на чыгуначнай станцыі “Брэст-Цэнтральны” 13 чэрвеня 2015 года.
Пра тое, як апазіцыянерка апынулася ў горадзе над Бугам, Еўрарадыё распавядае брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк:
“Яна фактычна збягала з Расіі, бо баялася, што яе выкрадуць і даставяць у Таджыкістан. Вядома, што за ёй сачылі. Таму яна накіравалася ў Польшчу праз Рэспубліку Беларусь. Яна паспяхова даехала да Брэста, перасела на цягнік да Тэрэспаля. Памежнікі яе прапусцілі — яна даехала да Польшчы. Аднак польскія памежнікі адмовілі ёй ва ўездзе, нягледзячы на тое, што яна казала, што патрабуе палітычнага прытулку”.
Па вяртанні актывісткі ў Беларусь памежнікі даведаліся, што Худайдодава знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку. Яе перадалі для далейшага разбіральніцтва супрацоўнікам аддзела ўнутраных справаў на транспарце. Актывістка на тры дні была змешчаная ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста, а пазней — у следчы ізалятар.
Шабнам Худайдодава жыла і працавала ў Расіі. Заробленыя грошы яна накіроўвала на радзіму, дзе ў яе засталіся маці, дачка і сястра. У Расіі яна далучылася да арганізацыі “Група 24”. Пасля гэтага яна трапіла ў вышук па запыце Таджыкістана нібыта за экстрэмісцкую дзейнасць на тэрыторыі сваёй краіны.
Абвінавачанні ў экстрэмізме Раман Кісляк называе надуманымі:
“Фактычна, гэта была крытыка дзейнасці ўладаў Таджыкістана, прэзідэнта Эмамалі Рахмона і іншых чыноўнікаў. Яна і яе паплечнікі пісалі, што іх палітыка прыводзіць да таго, што людзі не могуць зарабіць і вымушаныя з’язджаць у іншыя краіны (напрыклад, у Расійскую Федэрацыю) і зарабляць сабе на жыццё там. “Група 24” — гэта арганізацыя, прызнаная ў Таджыкістане экстрэмісцкай. Былі выдадзеныя пастановы на пошук і арышт усіх сябраў гэтай групы”.
Знаходзячыся ў СІЗА, Шабнам Худайдодава папрасіла ў беларускіх уладаў прытулку. Брэсцкія праваабаронцы ўвесь гэты час дамагаліся вызвалення актывісткі і трымалі сувязь з яе роднымі. Таксама яны распрацоўвалі механізм дзеянняў на выпадак, калі беларускія ўлады ўсё ж адмовяцца даць ёй прытулак.
Днямі стала вядома, што актывістку ўсё ж такі вызвалілі з СІЗА. Дзе яна цяпер знаходзіцца, не паведамляецца ў мэтах яе бяспекі. Раман Кісляк мяркуе, што таджыкская актывістка магла атрымаць у Беларусі статус бежанца. Па законе інфармацыя аб наданні такога статусу ўладамі не раскрываецца ў інтарэсах самога бежанца.
“Па сутнасці, калі яе вызвалілі, то яна атрымала статус (палітбежанца — Еўрарадыё). Праўда, мы пакуль не ведаем, які гэта статус. Магчыма, што прытулак ёй дала Рэспубліка Беларусь, а магчыма, яна атрымала міжнародны статус. Мы пакуль гэтага не ведаем, але любая з гэтых абаронаў азначае, што яна не можа быць выдадзеная ўладам Таджыкістана. Я лічу, што на гэтым яе беды ў Рэспубліцы Беларусь скончыліся”.