Апазіцыйныя кандыдаты правялі акцыю ў цэнтры Мінску

19.45. З завулка Берсана каля Дома ўрада выехалі 5 аўтобусаў з міліцыянтамі.

19:16
На прыступках Дома ўраду заканчваецца мітынг. Выступілі Мікола Статкевіч і Віталь Рымашэўскі. Статкевіч прымацаваў зварот да ЦВК скотчам на шыльду Палаты прадстаўнікоў.

Рымашэўскі запрасіў усіх прыйсці заўтра на яго пікет ля чыгуначнага вакзалу. Гучаць апошнія прамовы, мітынг набліжаецца да завяршэння. Да заканчэння акцыі засталося каля паўтысячы ўдзельнікаў.

Па завяршэнні акцыі карэспандэнт Еўрарадыё паразмаўляў са старшынёй партыі "Справядлівы свет" Сяргеем Калякіным. Акцыя пакінула ў палітыка дваістыя ўражанні. Калякін адзначыў, што не разумее сэнсу гэтага паходу да будынку ЦВК. Ён падкрэсліў, што ўлада зможа выкарыстаць гэтую акцыю, каб паказаць замежным назіральнікам, што ў нас прыклад дэмакратыі. Нагадаем, цягам мітынгу ніхто не быў затрыманы. Міліцыі паводзіла сябе спакойна.






19.07 Удзельнікі акцыі дайшлі да будынку Дома ўраду, дзе месціцца і Цэнтравыбаркам. У ЦВК не пайшлі, а рушылі да помніка Леніну. Статкевіч заявіў, што ў ЦВК ён не пойдзе, а прымацуе патрабаванні да шыльды на ўваходзе ў будынак. Каля ЦВК мітынгуючых сустрэлі супрацоўнікі міліцыі. Сказалі, маўляў, пусціць не можам, бо працоўны дзень завяршыўся.









18:55 Удзельнікі акцыі набліжаюцца да будынка ЦВК. Наперадзе калоны крочаць Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч. Кандыдат Уладзімір Някляеў пакінуў акцыю. Плошча Незалежнасці вольная для праходу ўдзельнікаў акцыі.



Міліцыя пакуль не ўмешваецца, супрацоўнікі паводзяць сябе карэктна. Міліцыянты заяўляюць, што з Кастрычніцкай плошчы рушылі каля 250 чалавек.





18.45 Калону дэманстрантаў суправаджаюць машыны ДАІ. Каля дзясятка супрацоўнікаў ДАІ сочаць, каб людзі не выходзілі на праезную частку. Аўтамабілі мінчукоў, якія праязджаюць па праспекце Незалежнасці, вітальна сігналяць удзельнікам акцыі.



18.35 Калона дэманстрантаў і кандыдаты прайшлі па падземным пераходзе да ГУМа і выпадкова напаткалі кандыдата Алеся Міхалевіча. У яго запыталіся, ці далучыцца ён да акцыі. Але палітык адзначыў, што проста стаіць каля свайго пікета.



18.25 Статкевіч панёс да Ярмошынай зварот. У ім патрабуецца, каб у кожную выбарчую камісію быў уключаны прадстаўнік ад кожнага кандыдата ў прэзідэнты. Гэты прадстаўнік павінен мець права подпісу выніковага пратаколу. Усе рушылі разам за ім да Цэнтравыбаркаму на плошчу Незалежнасці.





18.20 Выступіў лідар БХД Павал Севярынец. Палітык прапанаваў Лукашэнку прыйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу і публічна пакаяцца перад народам. Севярынец прапанаваў, каб кожны кандыдат уключыў у сваю перадвыбарчую агітацыю лозунг "Лукашэнка, сыходзь!".

Някляеў падзякаваў усім тым, хто прыйшоў. Палітык дадаў, што завітаў сюды не агітаваць за сябе, а падтрымаць удзельнікаў. Міліцыя паводзіць сябе спакойна.



18.15 На плошчу прыйшоў Уладзімір Някляеў. Выступіў лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч. Палітык зрабіў Аляксандру Лукашэнку "апошняе кітайскае папярэджанне". Міліцыянты ў цывільным не ўмешваюцца, перамаўляюцца па рацыях.





18.09 Крыніцы ў праваахоўных органах адзначаюць, што затрыманняў на сёння не плануецца. На плошчы на ўсю магутнасць уключылі трансляцыю БТ з вялікага вулічнага экрану.



18.07 На плошчы прысутнічае каля паўтысячы чалавек. Яны стаяць на прыступках Палаца прафсаюзаў. Да ўдзельнікаў акцыі далучыўся таксама кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.

У каментарах Еўрарадыё кандыдаты сказалі, што не баяцца быць знятымі з прэзідэнцкай гонкі. Па іх словах, яны маюць права сустракацца са сваімі выбарцамі.



18.00 На плошчы каля 50 чалавек у цывільным. Пакуль яны нічога не робяць. Выступаючых палітыкаў амаль не чуваць, бо ў іх няма рупара. У прадстаўнікоў сілавых структураў наадварот ёсць рупары, але ніякіх заяваў яны не робяць.

17.57 Перад прысутнымі выступае старшыня гарадской выбарчай камісіі Ігар Карпенка.

17.55 Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец, а таксама каля 40 чалавек прайшліся калонай ад ГУМа і вышлі на плошчу. Людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і сімволіку БХД. Агулам на плошчы каля 200-250 чалавек.

17.40
Навакольныя двары запаланілі аўтазакі і міліцэйскія машыны. На самой плошчы заўважныя людзі ў цывільным з кішэннымі відэакамерамі. Непадалёк ад плошчы з'явіўся пікет у падтрымку Вітая Рымашэўскага.

У размове з Еўрарадыё лідар хрысціянскіх-дэмакратаў адзначыў, што не баіцца, калі з-за сённяшняй акцыі яго здымуць з прэзідэнцкай кампаніі. Па словах Рымашэўскага, людзі маюць канстытуцыйнае права збірацца там, дзе захочуць.


Сёння ў 18.00 у цэнтры Мінска — на Кастрычніцкай плошчы распачнецца сустрэча апазіцыйных кандыдатаў з выбаршчыкамі. Акцыя пройдзе пад лозунгам “Сыходзь!”. Прыйшоўшыя будуць патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі сысці ў адстаўку.


Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі