Apple і Google выдалілі дадатак "Навальный" са сваіх крам

Перад выбарамі ў Дзярждуму ў Расіі пачалі блакаваць дадатак-падказку Аляксея Навальнага​ / Reuters
Перад выбарамі ў Дзярждуму ў Расіі пачалі блакаваць дадатак-падказку Аляксея Навальнага​ / Reuters

Карпарацыі Apple і Google выдалілі дадатак "Навальны" з App Store і Google Play. Пра гэта паведамляе выданне meduza са спасылкай на "Каманду Навальнага".

У сярэдзіне жніўня Раскамнагляд запатрабаваў ад Apple і Google, каб яны выдалілі дадатак са сваіх крам. Патрабаванне выканана не было. Тады ў сярэдзіне верасня кампаніям прыгразілі вялікімі штрафамі, а іх прадстаўнікоў выклікалі на пасяджэнне часовай камісіі Савета Федэрацыі па абароне дзяржаўнага суверэнітэту.

У гэтым дадатку дублююцца навіны з сайта апазіцыянера Аляксея Навальнага. Таксама там ёсць функцыя "Разумнага галасавання" — гэта стратэгія, прыдуманая камандай Навальнага, каб скараціць у Дзярждуме колькасць дэпутатаў ад кіруючай партыі"Адзіная Расія". Сутнасць у тым, каб знайсці ў сваім рэгіёне партыю, якая праходзіць бар'ер, і аддаць свой голас за яе. "Разумнае галасаванне" дапамагала вылічыць такую альтэрнатыўную партыю ў кожнай акрузе.

Перад выбарамі Раскамнагляд пачаў блакаваць "Разумнае галасаванне". "Яндэксу" і Google праз суд забаранілі паказваць гэтае словазлучэнне ў пошукавай выдачы.

Выбары ў расійскую Дзярждуму пачаліся сёння. Яны прадоўжацца тры дні. У іх прымаюць удзел 14 палітычных партый. Адзначым, што ўпершыню з 1993 года выбары ў Расіі праходзяць без назіральнікаў ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ. Расія спаслалася на пандэмію і абмежавала колькасць назіральнікаў да 60. А БДІПЧ планавала задзейнічаць каля 500 чалавек. У выніку ў арганізацыі палічылі, што такая нязначная група не зможа эфектыўна назіраць за выбарамі, і адмовіліся ад назірання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі