Арцыбіскуп Кандрусевіч напісаў ліст Лукашэнку наконт закону аб хатнім гвалце

Арцыбіскуп Кандрусевіч напісаў ліст Лукашэнку наконт закону аб хатнім гвалце

Рыма-каталісцкі касцёл хоча прыняць удзел у абмеркаванні законапраекта аб хатнім гвалце. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, які ён напісаў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку

У сваім звароце кіраўнік касцёла ў Беларусі адзначае, што сям'я з'яўляецца асновай грамадства. "Таму лічу, што абмеркаванне такіх важных для нашага грамадства законапраектаў павінна весціся з удзелам прадстаўнікоў традыцыйных для Беларусі веравызнанняў, якія на працягу стагоддзяў прапаведуюць фундаментальныя сямейныя каштоўнасці і вучаць такім адносінам паміж членамі сям’і, якія выключаюць насілле. На жаль, гэтыя законапраекты пакуль што недаступныя для грамадскасці, што спараджае разнастайныя чуткі і здагадкі", — адзначае Кандрусевіч.

У сваім звароце мітрапаліт выступае супраць "гендэрнай ідэалогіі" ды прапаганды сэксуальных меншасцяў: "Зразумела, што пры любых зменах у заканадаўстве неабходна кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі і ўлічваць духоўныя каштоўнасці беларускага народа, а не ісці ўслед за згубнымі секулярнымі тэндэнцыямі, у тым ліку за гендэрнай ідэалогіяй, якая вядзе да разбурэння традыцыйнай сям’і. Таму вельмі спадзяюся, што беларускае заканадаўства яшчэ больш выразна паставіць перашкоду прапагандзе нетрадыцыйных сексуальных паводзінаў, афішаванню і пазітыўнаму паказу садомскага ладу жыцця".

Кандрусевіч прызнае, што ў некаторых сем'ях існуе праблема злоўжывання сілай у адносінах да жанчын і дзяцей. Ён падкрэслівае, што лічыць такія факты недапушчальнымі. Разам з тым ён дадае: "Штучнае ж супрацьпастаўленне правоў і інтарэсаў дзіцяці правам бацькоў з’яўляецца недапушчальным і нават парадаксальным".

Мітрапаліт выказвае жаданне пазнаёміцца з прапановамі наконт новай канцэпцыі закона аб барацьбе з хатнім гвалтам, каб потым грунтоўна і ўсебакова абмеркаваць іх падчас адкрытай дыскусіі. "Бо калі некаторыя змены, пра якія вядзецца дыскусія ў СМІ, набудуць сілу закона, то яны могуць прывесці да несправядлівага пераследу добрасумленных бацькоў за самае нязначнае і бяскрыўднае "пакаранне" дзіцяці ў мэтах яго бяспекі, выхавання і дысцыпліны", — выказвае перасцярогу Кандрусевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі