Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў імшу ў гонар 100-годдзя БНР
25 сакавіка, у Пальмовую (Вербную) нядзелю, у мінскай архікатэдры адбылася малітва за Айчыну. Яна была прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Узначаліў эўхарыстыю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Перад імшоў, як паведамляе сайт catholic.by, прайшла ўрачыстая працэсія з вербамі на ўспамін уваходу Езуса Хрыста ў Іерусалім. Паводле шматгадовай традыцыі ў працэсіі ўдзельнічаў вослік.
Іерарх нагадаў, што 25 сакавіка Касцёл адзначае свята Звеставання. Сёлета гэтае свята перанеслі на 9 красавіка, бо на сённяшні дзень прыпала Пальмовая нядзеля.
"Тым не менш, вельмі сімвалічна, што Устаўная грамата аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі была прынята ў свята Звеставання Пана. Гэтым самым тыя, хто яе падпісаў, абвясцілі свету аб заснаванні новай дзяржавы. Хоць яе далейшы лёс быў вельмі складаным і не прывёў да чаканага выніку, тым не менш сам факт з’яўляецца вельмі красамоўным, бо паказвае імкненне беларускага народа да незалежнасці. Таму сённяшняе свята 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта свята "звеставання" беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці", — падкрэсліў Кандрусевіч.
Па яго словах, гэтая падзея стала паваротным момантам у гісторыі Беларусі. "Мы павінны адчуваць сваю адказнасць перад Богам і будучымі пакаленнямі за нашу Бацькаўшчыну, за яе законы, за сацыяльную справядлівасць, за выхаванне маладога пакалення, за будучыню сям’і і кожнага асобнага чалавека", — адзначыў арцыбіскуп. Ён заклікаў будаваць адзіную дэмакратычную Беларусь на духоўных каштоўнасцях.