Арцыбіскупа Кандрусевіча не пусцілі ў ізалятар на Акрэсціна
19 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыйшоў да ізалятара на завулку Акрэсціна, які стаў сімвалам катаванняў мірных грамадзянаў, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарах.
Як паведамляе сайт catholic.by, кіраўнік беларускіх католікаў наведаў гэтае месца разам з супрацоўнікамі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра "Дабрачыннай місіі Добрага самараніна" і валанцёрамі. А 15-й гадзіне яны зладзілі супольную малітву.
У сам ізалятар да затрыманых мітрапаліта Кандрусевіча не пусцілі. Таму пасля малітвы ён больш за гадзіну размаўляў з людзьмі, якія былі зняволеныя на Акрэсціна, і з валанцёрамі, якія аказваюць ім дапамогу.
За апошнія дні мітрапаліт Кандрусевіч неаднойчы звяртаўся з патрабаваннем вызваліць усіх мірных грамадзянаў, незаконна затрыманых на акцыях пратэсту.
14 жніўня ён звярнуўся з гэтым патрабаваннем да Аляксандра Лукашэнкі і да іншых прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. 18 чэрвеня Кандрусевіч напісаў такі ж зварот зварот да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева і папрасіў пра асабістую сустрэчу. Адказу ад уладаў дагэтуль няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.