Аргкамітэт руху Някляева прапанаваў правесці акцыю "За мірную, нейтральную Беларусь!"

Аргкамітэт руху Някляева прапанаваў правесці акцыю "За мірную, нейтральную Беларусь!"

Акцыю "За мірную, нейтральную Беларусь!" у рамках выбарчай кампаніі прапанаваў правесці аргкамітэт грамадскага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі". Яго ўзначальвае паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

"З апошніх дзеянняў кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ўсё больш відавочна, што Расія мае намер ператварыць Беларусь не проста ў сваю калонію, чаго з-за палітыкі цяперашняга беларускага рэжыму яна практычна дамаглася, а ў сваю ваенную базу. Гэта супярэчыць не толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якой Беларусь — нейтральная дзяржава. Гэта ставіць пад рэальную пагрозу бяспеку краіны і само жыццё беларусаў", — цытуе БелаПАН заяву ініцыятыўнай групы і аргкамітэта руху, прынятую 13 верасня.

"Нашай зямлі, нашаму народу хапіла войнаў, стратаў, крыві. Гэта было лёсам нашых дзядоў, бацькоў — і мы не можам дапусціць, каб яно паўтарылася ў лёсах нашых дзяцей, — падкрэсліваецца ў заяве. — Таму ўсе спробы размяшчэння замежных ваенных баз, стварэння на тэрыторыі Беларусі плацдарму вайны мы павінны разглядаць як акты агрэсіі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь і будзем супрацьстаяць гэтаму усімі магчымымі спосабамі і сродкамі".

Для правядзення акцыі "За мірную, нейтральную Беларусь!" аргкамітэт руху Уладзіміра Някляева заклікае аб'яднацца "ўсе палітычныя, апазіцыйныя і не апазіцыйныя структуры, дэмакратычную грамадскасць, усіх неабыякавых да лёсу Айчыны грамадзян".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі