“Асаблівасці дыпламатыі”: чаму Ізраіль не спыняе супрацу з Лукашэнкам?

“Асаблівасці дыпламатыі”: чаму Ізраіль не спыняе супрацу з Лукашэнкам?

Стаўленне афіцыйнага Ізраіля да беларускага рэжыму на цяперашні момант — прынамсі, у публічнай прасторы — наўрад ці можна назваць рэзка негатыўным. У тэлефоннай размове з кіраўніком Ізраіля Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвае “двухбаковыя адносіны” і нават запрашае Іцхака Герцага завітаць у Беларусь “на малую радзіму”.

Усё гэта на фоне рэпрэсій у Беларусі, разгорнутых беларускім рэжымам супраць “палітычна няправільных”. А не так даўно ў аэрапорце Мінска затрымалі ізраільскую адвакатку, а амбасадар Беларусі ў Ізраілі параўнаў гісторыка халакосту Леаніда Смілавіцкага з нацысцкімі прапагандыстамі. Як такая “супраца” дзвюх краін ацэньваецца ў ізраільскім грамадстве ды СМІ?

— Што тычыцца ізраільскай прэсы, то беларуская тэма там праскоквае. Бываюць розныя дыскусіі на гэты конт, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё гісторык Аляксандр Фрыдман. — Але асабліва тады, калі падзеі ў Беларусі нейкім чынам закранаюць Ізраіль альбо габрэяў. Напрыклад, прамова Аляксандра Лукашэнкі, зробленая ім трэцяга ліпеня на Кургане Славы. Там былі, так бы мовіць, цікавыя заявы пра “беларускі халакост”, пра тое, што габрэі “прымусілі ўвесь свет сабе пакланяцца з прычыны халакосту”, ды іншае. Рэакцыя тады была вельмі тэрміновай — ізраільскі бок абвінаваціў Лукашэнку ў антысемітызме.

— Што тычыцца беларускай унутранай палітыкі, то ізраільскі бок на гэты конт асабліва не выказваецца, не ідуць нейкія каментары, — працягвае Аляксандр Фрыдман. — Але, у прынцыпе, нічога новага ў гэтым няма. Ізраіль таксама паводзіць сябе ў дачыненні да іншых краін. Гэта асаблівасці ізраільскай дыпламатыі. Пакуль гэта не тычыцца самой дзяржавы альбо не закранае інтарэсы мясцовых габрэяў ці калі не адбываюцца відавочна антысеміцкія рэчы, то Ізраіль не рэагуе.

Заходні шлях адкрытых санкцыяў, крытыкі — ізраільская дыпламатыя працуе іншым чынам. Калі возьмем тэлефонную размову паміж Лукашэнкам і ізраільскім прэзідэнтам, то ізраільскі бок гэта ўвогуле не пракаментаваў. Мне падаецца, там размова галоўным чынам ішла пра грамадзянку Ізраіля, якая была арыштавана ў Беларусі. І пытанне, якое там уздымалася, напэўна было пытаннем яе вызвалення.

“Асаблівасці дыпламатыі”: чаму Ізраіль не спыняе супрацу з Лукашэнкам?
Амбасадар Ізраіля Алекс Гольдман-Шайман і Аляксандр Лукашэнка, лістапад 2020 года / БЕЛТА

— Я б прыгадаў у гэтай сувязі швейцарскую дыскусію наконт Наталлі Хершэ, — кажа Аляксандр Фрыдман. — Ці мэтазгодна швейцарскаму прэзідэнту патэлефанаваць Лукашэнку і паразмаўляць пра тое, каб Наталлю Хершэ вызвалілі? Наколькі я разумею, пытанне ў тым, што Наталля не хоча пісаць ліст аб памілаванні Лукашэнку. Яна не хоча гэта рабіць, а гэта, відавочна, умова з беларускага боку. Швейцарцы, напэўна, разумеюць, што нават калі прэзідэнт патэлефануе Лукашэнку, паразмаўляе з ім, а выніку не будзе, то прапагандысцкі эфект атрымае толькі Лукашэнка. Ён зможа заявіць пра тое, што ён паразмаўляў са швейцарскім прэзідэнтам, а Хершэ застанецца за кратамі.

Трэба адзначыць, што ў выпадку з Ізраілем з Лукашэнкам размаўляў сапраўды прэзідэнт. Прэзідэнт у Ізраілі не займаецца аператыўным кіраўніцтвам дзяржавы. Для гэтага ў Ізраілі ёсць урад, міністр замежных спраў і прэм’ер-міністр. Яны Лукашэнку не патэлефанавалі і размаўляць з ім не пажадалі. Гэта зрабіў прэзідэнт, і тут, мне падаецца, выключна гуманітарнае пытанне.

Магчыма, гаворка таксама ішла пра спрэчны закон пра “генацыд беларускага народа”, у якім халакост і габрэі нават не згадваюцца. Лукашэнка гэты закон яшчэ не падпісаў — магчыма, там будзе яшчэ нейкая мадыфікацыя. Можа, сапраўды гэтая размова на нешта паўплывае. Але, зноў жа, гэта такія лакальныя ізраільска-габрэйскія пытанні, якія вялікага значэння для становішча вакол Беларусі не маюць, — падсумоўвае гісторык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі