Avias "Смецце"

120907 Agljadacha.mp3

Самі музыкі лічаць свой EP смеццем! Нават назву свайму трэцяму міні-выданню гурт Avias даў адпаведную — “Смецце”. Напярэдадні інтэрнэт-прэзентацыі альбома, музыкі прызналіся “Еўарардыё”, што гэтая назва цалкам абдуманая і, нават, канцэптульная.


“Ды ўсё жыццё — смецце! Усе каштоўнасці пераўтварыліся ў смецце! – патлумачыў свой светапогляд гітарыст гурта Саша Фунт. — Музыка, літаратура, кіно — усё ўжо смецце, вось і мы вырашылі свайго смецця дадаць у гэтую вялікую-вялікую сметніцу”.


А калі ўлічваць, што з пяці песень на дыску ніводнай аднайменнай няма, то, верагодна, так музыкі сапраўды і думаюць. Але пагадзіцца з імі вельмі складана…


Па шчырасці, матэрыял гурта Avias не выклікае ванітных пазываў, нават не ператварае звыклы выраз твару ў грымасу незадавальнення, над ім не лётаюць мухі ды і, падаецца, ён не смярдзіць. Наадварот, ужо з першай песні “Дыханне” робіцца зразумелым, што ЕР дастаткова “тлусты” па гучанні, прыгатаваны якасна і, нягледзячы на не першую стылістычную свежасць, выглядае ядомым. Што ж датычыцца свежасці, то вельмі складана яе дасягнуць і ці магчыма ўвогуле, калі граеш гранж, прычым, не важна якое яго адгалінаванне ці перайначванне! Тым не менш, саўнд ЕР “Смецце” радуе сваёй шчыльнасцю ды сапраўды качае.


Паводле шырока распаўсюджаных у вузкіх рок-колах меркаванняў, дзяўчына-бубнач — “заваленая праца”. Маўляў, і моц удара не тая, і рэзкасці няма, ды і хуткасці з фантазіяй не хапае… На ЕР Avias нічога новага (экстра-арыгінальных збівак, новых ды нечаканых для абранага стылю рытмаў), натуральна, не пачуеш, але моцы, хуткасці, рэзкасці ды разнастайнасці хапае! Так што, адзіная хіба дзяўчыны-бубнача — больш шырокія плечы, як у плаўчыхі. Жартуем!


Зноў жа, звяртаючыся да еўрарадыйнага інтэрв’ю — музыкі прызналіся, што дэпрэсіўнасць песень — гэта даніна сучаснай модзе. Маўляў, цяпер у модзе канец свету, і музыкі вырашылі гэтаму падгуляць. Тэксты і сапраўды вельмі дэпрэсіўныя: “Выпадковым сцячэнннем абставін усіх нас не стане, хочам мы таго ці не!”, ці “Будуем парушаючы, не адчуваючы віну, толькі і шукаем, каб упрыгожыць вайну”, ці “Дзе знайсці супакой вечны? Неба, дыхаць з табой хачу…”, “Адно дзіця ведае больш за пакаленні без сумненняў наконт сэнсу жыцця…”. Але нават па гэтых цытатах бачна, што лірыка Avias — не проста набор саплівых ды слязлівых словаў пра каханне і безсэнсоўнасць гэтага бязглуздага існавання. Шкада толькі, што звядзенне “Смецця” прымушае пастаянна прыслухоўвацца, каб разабраць словы песень.


ЕР Avias “Смецце” заслугоўвае цвёрдай сямёркі, калі па дзесяцібальнай сістэме. Можна было б ацаніць і вышэй, але для гэтага варта б было пачуць нейкія новыя фішкі, незвычайныя крокі і г.д. А яшчэ засталося незразумелым, чаму музыкі кажуць, што творчасць гурта “Крок”, дзе калісьці граў вакаліст Рома Сухоцкі, не адпавядае матэрыялам Avias..!? Крыху перааранжыраваць і ніхто не заўважыў бы!)

  • Трэк-ліст:
  •  
  • 1. Дыханне
  • 2. Май
  • 3. Апошні раз
  • 4. Н
  • 5. I know
  •  
  • Склад гурта:
  •  
  • Рома - голас, гітары
  • Фунт - гітары
  • Тапалаў - бас
  • Вiка - ударныя
  •  
  • Музыка i словы: гурт Аvias
  • Песня "Апошнi раз" напісана сумесна з Аляксеем Бразгоўка
  •  
  • Запіс адбываўся на студыі Mappletree ў Mінску летам 2012 г.
  • Звядзенне і майстэрынг - Косця Пыжоў
  • Фотаздымак для вокладкi - Аляксей Нікішын
  • На фотаздымку Наталля Хім
     

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі