Бабарыка: у сапраўдным драніку толькі бульба і соль. Ды ладна, ён сур'ёзна?
Віктар Бабарыка / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
“Сапраўдны дранік — гэта нічога, акрамя бульбы і солі. Ні-чо-га”, — абвясціў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віктар Бабарыка на сустрэчы з выбаршчыкамі. Тут яго паліттэхнолагі па краі прорвы правялі. Ну то-бок сімпатыі тых, хто гатуе дранікі па такім жа рэцэпце, экс-банкір, вядома, заваяваў. Але сэрцы тых, хто не ўяўляе сабе дранікі без мукі, яек ці цыбулі, цяпер разбітыя. Таму што не трэба жартаваць з дранікамі. Дранікі — гэта сур'ёзна. Гэта святое!
Ніводная гаспадыня, ніводны шэф-повар так не гатуе
“У прынцыпе, нармальна, але гатунак бульбы павінен быць крухмальным, — няўпэўнена рэагуе на рэцэпт Віктара Бабарыкі шэф-повар мінскага кафэ Muffin Аляксандр Петрыман. — Дранікам абавязкова трэба нешта для змацавання, інакш іх можна перасмажыць і яны пачнуць гарчыць, з'явіцца скарынка. Таму я сумняваюся, што з солі і бульбы можна зрабіць дранікі. Думаю, ніводная гаспадыня, ніводны шэф-повар так не гатуе”.
Ці ёсць рэцэпт сапраўдных беларускіх дранікаў? У суразмоўцы ён — свой: адназначна не маладая бульба націраецца на самую дробную тарку (“калі на бурачную, то гэта ўжо не дранікі”), затым адпраўляецца на сіта, каб сышоў сок. Можна дадаць цыбулю і хоць бы трохі мукі.
“Хоць трошачкі, але трэба, — тлумачыць спецыяліст. — Гэта ж цеста. Зрабіць без мукі можна, але атрымаецца не дранік, а засмажаная бульба. Гэта як булкі без мукі”.
Сапраўдныя дранікі — на буйную тарку
“Можа, ён не дагаварыў цалкам, што там павінна быць яйка? — здзіўляецца рэцэпту Віктара Бабарыкі фуд-блогер Павел Крамар. — У прынцыпе, я люблю бульбу!”
Пытанне, якімі ж павінны быць "сапраўдныя беларускія", ён называе інтымным. У адрозненне ад папярэдняга суразмоўцы, Сеньёр Кокобай перакананы: "Сапраўдныя дранікі — гэта дранікі на буйную тарку. Абавязкова павінна быць цыбуля. І ў любым выпадку яйка, соль і перац. Дранікі павінны атрымацца залацістымі".
А калі пацерці бульбу на дробную тарку або прапусціць праз камбайн, а потым яшчэ дадаць муку, то атрымаюцца бульбяныя бліны.
Беларускія габрэі лічаць дранікі дэсертнай стравай
“Бульба і соль? Гэта блізка да перакананняў маёй маці! — кажа гісторык, аўтар "Гастранамічнага даведніка "Беларуская кухня" Алесь Белы. — Яна таксама нічога наогул больш не дадае. Але я ведаю шмат іншых версій. Як мінімум дадаюць цыбулю, каб бульба не цямнела. Цешча мая злоўжывае мукой, але я не люблю гэтага. Некаторыя дадаюць нават тварог. Версій вельмі шмат, і я б не хацеў казаць пра тое, што тут хтосьці мае рацыю, а хтосьці не. Мая жонка не прызнае дранікі без яйка... ну і пары лыжак мукі на палову вядра бульбы. За доўгія гады я прывык да яе канону”.
Алесь лічыць, што катэгарычныя сцвярджэнні ў пытанні рэцэпта "сапраўдных беларускіх дранікаў" сведчаць аб вузкім кругаглядзе. Адны любяць дадаваць у іх моркву, іншыя, як, напрыклад, "тыя ж беларускія габрэі", лічаць дранікі "дэсертнай стравай і пасыпаюць іх карыцай і цукрам".
"Чалавек ведае нейкую версію, якую засвоіў у дзяцінстве ў бацькоўскай хаце, і настойвае, што вось гэта, маўляў, і ёсць самы правільны, наш беларускі стандарт. Я з дзяцінства быў прывучаны да таго, што акрамя бульбы і солі нічога нельга, але, насамрэч, як каму больш смачна”, — дадае суразмоўца.
Па словах Алеся Белага, нацыянальнага рэцэпта няма. Ні ў якіх старадаўніх запісах ён яму не трапляўся: "Увогуле не зусім зразумела, калі дранікі сталі культавай стравай. Энографы не асабліва пра гэта пішуць".
****
Спрэчкі аб тым, які ж ён, сапраўдны беларускі дранік, вядуцца ўжо шмат гадоў. Гэта як "Рагачоўская" vs "Глыбоцкая". Адны беларусы "топяць" за тое, што бульбу трэба церці выключна на буйнай тарцы і ні ў якім разе не дадаваць у яе муку. Іншыя перакананыя, што без цыбулі дранікі атрымліваюцца цёмнымі. Такі ж плюралізм меркаванняў назіраецца і ў палітыцы. Але вось ці дапаможа рэцэпт, прапанаваны Віктарам Бабарыкам, сабраць больш подпісаў і сімпатый выбаршчыкаў — пакажа час.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.