Бацька нацыі: Беларусь ідзе па "казахстанскім сцэнары" транзіту ўлады
Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў / Коммерсантъ
У экспертнай супольнасці ўсё часцей сустракаюцца меркаванні, што Аляксандр Лукашэнка абраў для транзіту ўлады "Казахстанскі сцэнар": сысці, але не зусім. Як Нурсултан Назарбаеў, які прабыў прэзідэнтам амаль 30 гадоў, раптам пайшоў у адстаўку, але дэ-факта працягвае кіраваць краінай, займаючы шэраг ключавых пасад.
У прэзідэнцкім крэсле Назарбаева замяніў спікер верхняй палаты парламента Касым-Жамарт Такаеў. Аналагічную пасаду пры Лукашэнку займае Наталля Качанава, у чыёй вернасці дзейнаму кіраўніку Беларусі сумнявацца не даводзіцца.
А значыць, даведаўшыся, як праходзіў транзіт улады ў Казахстане і як усё ўладкавана там цяпер, мы можам зазірнуць у магчымую будучыню Беларусі. Пра тое, як Назарбаеў і яго пераемнік Такаеў дзеляць ролі ў палітычным жыцці усходняй краіны, і пра паралелі з беларускай сітуацыяй Еўрарадыё распытала галоўнага рэдактара казахстанскага інтэрнэт-часопіса Vласть Вячаслава Абрамава і палітолага Адзіля Нурмакова.
Еўрарадыё: Адстаўка Назарбаева стала нечаканасцю?
Абрамаў: "Усе разумелі, што тэрмін падыходзіць і, як і ў вашым [беларускім. — Еўрарадыё] выпадку, чалавек вельмі моцна пераседзеў: амаль 30 гадоў без аднаго месяца. Ужо нават па ўзросце падыходзіць момант, калі трэба прымаць нейкае рашэнне. Такім паскаральным момантам быў прыклад Узбекістана суседняга, дзе кіраўнік краіны Карымаў, які знаходзіўся ва ўладзе таксама амаль 30 гадоў, памёр, застаючыся прэзідэнтам. І гэта быў не да канца прапрацаваны сцэнар перадачы ўлады.
З іншага боку, гэта было нечакана, таму што ніхто з блізкага атачэння Назарбаева, якое відавочна ведала пра транзіт улады, ніяк не адкрыў гэтыя звесткі журналістам. Дзень адстаўкі Назарбаева — гэта стала шокам для нацыі ў цэлым, таму што на працягу доўгіх гадоў, як і ў Беларусі, гаворка ішла пра тое, што ў краіне няма альтэрнатывы. Аказалася, што ёсць".
Нурмакоў: "Размовы пра транзіт ішлі на працягу апошніх гадоў 20. Увогуле палітычнае жыццё Казахстана вельмі непублічнае, таму большасць каментароў і прагнозаў будуецца на чутках, якія даносяцца з уладных або каляўладных колаў. Час ад часу гэтыя чуткі з'яўляліся. Зразумела было, што Назарбаеў планаваў адыход.
Прымаліся розныя меры для забеспячэння гэтага транзіту: гэта і перастаноўкі ва ўладзе, і маштабнае ўзмацненне спецслужбаў, якое адбылося за апошнія гады тры. Не магу сказаць, што гэта было чакана. Але не было сюрпрызам, што гэты дзень усё ж надышоў".
Еўрарадыё: Якія перад адстаўкай Назарбаева былі настроі ў грамадстве ў адносінах да яго?
“У гэты момант было шмат крытыкі ў адрас улады. Магчыма, яна не была адрасаваная непасрэдна Назарбаеву, а хутчэй — усёй сістэме, якая была выбудаваная Назарбаевым за дзесяцігоддзі яго знаходжання ва ўладзе, — успамінае Абрамаў. — Гэта быў крызісны ў палітычным плане момант для Казахстана, але нейкіх рэйтынгаў даверу да Назарбаева або да ўрада ў цэлым у Казахстане няма, якім мы б маглі давяраць".
"Ніякіх аб'ектыўных звестак [пра рэйтынг Назарбаева] у нас няма, — падтрымлівае Нурмакоў. — Зразумела, што Назарбаеў карыстаецца, скажам так, лаяльнасцю значнай часткі грамадства. Але таксама зразумела, што ў апошнія гады расла стомленасць ад адсутнасці рэформаў, ад бясконцага застою, у якім яшчэ і квітнее карупцыя, ад неэфектыўнасці дзяржапарату. Вельмі вялікая крытычна настроеная група большала".
Еўрарадыё: Як адрэагавала грамадства на "сыход" Назарбаева?
"Пасля адстаўкі пачаліся пратэсты моладзі, якія выклікалі велізарную хвалю падтрымкі ў грамадстве: людзі згаджаліся, што краіне патрэбныя перамены, а Такаеў — гэта працяг функцый Назарбаева. У дзень выбараў былі вельмі маштабныя пратэсты: затрыманыя каля чатырох тысяч чалавек ва ўсёй краіне, што вельмі шмат для Казахстана, дзе людзі не вельмі прывыклі пратэставаць", — расказвае Абрамаў.
9 чэрвеня 2019 года Такаеў перамог на пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах, набраўшы 70,96% галасоў.
"Выбары Такаева ў цэлым прайшлі пад знакам актывізацыі пратэсту. Пасля таго як ён быў абвешчаны пераможцам, адным з першых яго дзеянняў сталі спробы прыглушыць гэтыя пратэсты стварэннем нейкіх саветаў нацыянальнага даверу, абвяшчэння, што ён гатовы да рэформаў, у тым ліку палітычных. Аднак я б не сказаў, што ў рэальнасці нешта змянілася за гэтыя паўтара года, і, вядома, Казахстан не дасягнуў нейкіх сур'ёзных змен палітычных", — працягвае Абрамаў.
"У Казахстане не было свабодных і справядлівых выбараў ні разу. Выключэнне толькі выбары першага незалежнага парламента Казахстана [адразу пасля развалу СССР. — Еўрарадыё], — падхоплівае Нурмакоў. — Не магу сказаць, што на сумленных выбарах Такаеў бы прайграў. Выбарчая сістэма — паняцце, якое шырэйшае, чым проста выбары. У ёй вельмі шмат фільтраў, якія не дазваляюць, каб у выбарах удзельнічаў хтосьці непрадказальны. Напрыклад, Ціханоўскую ў нас проста б не зарэгістравалі".
Не прэзідэнт, а Лідар нацыі... і шмат хто яшчэ
Еўрарадыё: Чым цяпер займаецца Нурсултан Назарбаеў?
Абрамаў: "У яго адразу некалькі пасад. Ён сябра Канстытуцыйнага савета — органа, які разглядае заканадаўчыя акты на адпаведнасць Канстытуцыі. Ён старшыня Савета бяспекі, а гэта значыць, што без яго згоды не могуць быць прызначаныя ні адны кіраўнікі ў краіне, у тым ліку кіраўнікі сілавых органаў, міністры — гэта прапісана ў заканадаўстве: усе гэтыя прызначэнні павінны быць узгоднены са старшынёй Савета бяспекі, а ён з'яўляецца яго пажыццёвым старшынёй. Акрамя гэтага, ён з'яўляецца пажыццёвым сенатарам. А яшчэ ёсць статус "Лідара нацыі", і гэта не проста тытул, а набор паўнамоцтваў, замацаваных у законе: ён не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, ён атрымлівае дзяржаўныя забеспячэнні. Да моманту, пакуль Назарбаеў будзе жывы, ён будзе валодаць функцыяналам, які абмяжоўвае ўладу прэзідэнта (Такаеў гэта будзе ці хтосьці пасля яго).
Відавочна, што ёсць жаданне паказваць [з боку ўладаў. — Еўрарадыё], што краінай кіруе Такаеў, прэзідэнт у краіне адзін, умяшання няма. Але па самых розных прыкметах, у тым ліку і па законах, мы разумеем, што ў рэальнасці ўсе рычагі кіравання па-ранейшаму знаходзяцца ў руках у Назарбаева".
Еўрарадыё: Ці можна Такаева назваць марыянеткай Назарбаева?
Нурмакоў: "Я б сказаў, што Такаеў — не да канца першы чалавек у Казахстане, і гэта яго канстытуцыйны статус. Пакуль жывы першы прэзідэнт, то дзейны прэзідэнт не можа лічыцца першай асобай дзяржавы".
Еўрарадыё: За час прэзідэнцтва Такаева ці было ім прынята нейкае рашэнне, што ішло насуперак інтарэсам Назарбаева?
Нурмакоў: "Цяжка адказаць. Наўрад".
Лукашэнка хацеў бы такі сцэнар і, магчыма, паспрабуе яго рэалізаваць
Беларускі палітычны аналітык Арцём Шрайбман прызнаецца, што больш верыць у пачатак "казахстанскага сцэнара" ў Беларусі, чым у яго канчатковую рэалізацыю.
Шрайбман: "Лукашэнка хацеў бы такі сцэнар, і ён, магчыма, паспрабуе яго рэалізаваць, стварыўшы для сябе нейкую пасаду — ганаровую, але важную. Аднак адрозненні ў тым, што Казахстан не быў у той сітуацыі крызісу, у якой знаходзіцца Беларусь. І адпаведна, утрымаць сітуацыю стабільнай Назарбаеву значна прасцей, не маючы тых выклікаў, якія ёсць у Лукашэнкі, не маючы тых праблем з легітымнасцю, якія ёсць у Лукашэнкі
Мне здаецца, што сістэма разбалансуецца нашмат хутчэй, таму што і пратэсты, хутчэй за ўсё, працягнуцца, і ў элітах будзе хутчэй раскол, таму што ў пераемніка індывідуальнага або калектыўнага будзе нашмат больш стымулаў выйсці з-пад кантролю, чым у Такаева".
Еўрарадыё: Якія інструменты Лукашэнка будзе выкарыстоўваць для магчымай спробы рэалізаваць такі сцэнар?
"Гэта будзе прававы інструмент — напэўна рэферэндум, прыняцце новай Канстытуцыі. Інстытуцыйна гэта будзе альбо Савет бяспекі, альбо гэты самы беларускі народны сход, альбо прыдумаюць нешта новае".
Еўрарадыё: У Лукашэнкі ўжо ёсць на прыкмеце будучы "Такаеў"?
"Выбіраць яго будуць безумоўна з наменклатуры. У мяне няма звестак пра тое, каб ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] вызначыўся з тым, каго ён хоча там бачыць. Магчыма, гэта будзе хтосьці з кіраўніцтва ўрада, хтосьці з губернатарскага складу мае нядрэнныя шанцы, з найвышэйшых сілавікоў — вось такі пул людзей. Наўрад ці ён прызначыць туды нейкага абсалютнага "ястраба-генерала", таму што гэта наўрад ці супакоіць сітуацыю. З іншага боку, чакаць чыстага ліберала-эканаміста не варта, таму што ён не будзе яму давяраць. Будзе шукаць кагосьці пасярэдзіне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.