Baisan і Buben: Новы альбом і просьба клапаціцца пра здароўе (аўдыё)

Новы альбом Baisan і Buben "Skweee Belarus" даступны для праслухоўвання на стрымінг-рэсурсе SoundCloud.  Як і першая кружэлка, выдадзены на Big Buben Studio рэліз атрымаў сусветную дыстрыбуцыю дзякуючы супрацы артыстаў з Believe Digital. Альбом даступны па ўсім свеце праз Itunes, Amazon, Beatport і іншыя буйныя сэрвісы.


Анансаваў альбом сінгл з трох рэміксаў і анімацыйны кліп на трэк "F5", аўтарам якога стаў Анатоль Курысь. У дзень размяшчэння альбома для свабоднага спампоўвання ў сеціве з’явіўся зварот Байсана, у якім ён расказаў пра сваю хваробу і заклікаў людзей у сваіх фрэндстужках больш уважліва ставіцца да праблемы сухотаў і своечасова рабіць флюараграфію.


Як паведамляе Tuzin.fm, музыку прызначылі курс лячэння, які працягнецца паўгода. Байсан, ён жа паэт Алесь Плотка, збіраецца працягваць свае выступы, прымаючы меры засцярогі, бо на гэтай стадыі хваробы дактары не забараняюць яму прысутнічаць у публічнай прасторы.


Бліжэйшы выступ дуэта адбудзецца ўвечары 12.12 на прэзентацыі праекту "МемТут" у Галерэі Тut.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі