Баранавіцкі актывіст прыйшоў на працу ў лагернай робе
У чацвер, 24 верасня, баранавіцкі актывіст Рыгор Грык прыйшоў у краму, дзе працаваў грузчыкам, у паласатай робе, стылізаванай пад концлагерную вопратку.
Актывіст кажа, што на працы яму два гады не выдавалі спецвопратку, таму ў гэты дзень ён вырашыў надзець “чыстую вопратку ў белую палоску” і такім чынам прыцягнуць увагу кіраўніцтва.
У яго гэта атрымалася. У краме паведамілі, што з 24 верасня Рыгор Грык ўжо не працуе, а спецвопратку ў гандлёвым аб’екце грузчык атрымліваў і пастаянна быў у ёй апрануты, піша баранавіцкае выданне intex-press.by
Чаму 24 верасня ён прыйшоў у гэтым адзенні, незразумела, — адзначылі ў гандлёвай арганізацыі.
Па словах Рыгора Грыка, пісьмовых заяў або скаргаў кіраўніцтву з просьбамі выдаць яму спецвопратку ён ні разу не пісаў, увесь гэты час спадзеючыся на тое, што атрымае яе згодна з заканадаўствам.
Фота: Радыё Свабода