Баранавіцкі ўнівер: На Інжынерны факультэт платнікі амаль не прыйшлі

“Вельмі слаба сёлета ішлі на Інжынерны факультэт. Абітурыентаў няма, за выключэннем “інфармацыйных сістэм і тэхналогій” і “эканомікі і арганізацыі на вытворчасці”. Па іншых няма абітурыентаў-платнікаў зусім”, — скардзяцца Еўрарадыё ў Баранавіцкім універсітэце.

Каля 12% студэнтаў у гэтую ВНУ не набралі нават на бюджэт. У выніках уступнай кампаніі тут вінавацяць дэмаграфію і ўвядзенне неабходных балаў, якія трэба набраць на тэставанні, каб паступіць.

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт недабірае аж 60% платнікаў. Гэта адаб’ецца на эканоміцы ВНУ, кажуць у прыёмнай камісіі.

“Калі мы недабіраем гэты год, то ім яшчэ вучыцца каму пяць, каму чатыры гады. Калі нават у наступным годзе набяром, гэтая праблема будзе адчувацца некалькі гадоў”.

Зусім неахвотна ідуць вучыцца на настаўнікаў, дадаюць у полацкім універсітэце.

Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова набраў толькі 60% платнікаў і 70% завочнікаў. Тут упэўніваюць, што гэта адаб’ецца на фінансавым стане, але праз некалькі гадоў. У прыёмнай камісіі хвалююцца, што наступны год будзе такі ж.

А вось у Палескім універсітэце на дзіва праблем няма: на платнае недабралі толькі 17% студэнтаў. Бюджэт запоўнілі.

“На платнае крыху недабралі, агулам па ўніверсітэце — гэта 75 чалавек. На бюджэт толькі чатыры чалавекі недабралі. Асноўная прычына — тое, што Мінадукацыі ўвяло балы, якія неабходныя для паступлення. Шмат людзей проста не маглі паступіць”, — ва ўніверсітэце прыводзяць прыклад, што абітурыенты, якія добра здалі два тэставанні і не набралі неабходных балаў на трэцім, не праходзілі.

А іншыя з меншымі баламі па ўсіх трох тэстах траплялі, бо набралі роўна неабходныя вынікі.

Нагадаем, у гэтым годзе, каб паступіць, трэба было здаць тэставанне на 10 балаў па рускай і беларускай мовах, на 15 — па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі і 20 — па іншых прадметах.

У выніку месцаў у дзяржаўных ўніверах аказалася на дзве тысячы больш, чым было абітурыентаў.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі