Барысаўчанка зладзіла сэкс-туры для 30 дзяўчат з Беларусі, Украіны і Расіі

Барысаўчанка зладзіла сэкс-туры для 30 дзяўчат з Беларусі, Украіны і Расіі

30-гадовую жыхарку Барысава затрымалі супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінскага аблвыканкама. Яе падазраюць ва ўцягванні дзяўчат для занятку прастытуцыяй за мяжой.

Паводле звестак праваахоўнікаў, з 2014 года яна прыцягнула для занятку прастытуцыяй больш за трыццаць дзяўчат ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў з Беларусі, Украіны і Беларусі. Праз інтэрнэт яна шукала дзяўчат, якія цікавіліся платнымі інтымнымі паслугамі за мяжой. Потым яна размяшчала анкеты дзяўчат на замежных тэматычных сайтах, падбірала ім кліентаў, дамаўлялася пра час, месца сустрэчы, кошт паслуг. Пасля гэтага дзяўчат вывозілі ў Турцыю, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ды Італію. Такія сэкс-туры, як правіла, доўжыліся ад дзесяці дзён да месяца.

Дарэчы, барысаўчанка, як паведамляюць праваахоўнікі, некалькі гадоў таму сама ездзіла ў падобныя замежныя паездкі. Але потым яна вырашыла заняцца арганізацыяй бізнэсу і кантролем за іншымі дзяўчатамі.

Следчыя адзначаюць, што дзяўчаты атрымоўвалі ганарары меншыя, чым было дамоўлена загадзя — прыкладна напалову. Умовы пражывання таксама былі далёкія ад ідэальных. Затое інтэнсіўнасць сэксуальных сустрэч часта была значна большай за дамоўленую.

Калі праваахоўнікі зацікавіліся дзейнасцю барысаўчанкі, яна нейкі час хавалася ў суседніх краінах. Тым не менш, цяпер жанчыну затрымалі. На яе пачалі крымінальную справу за выкарыстанне заняткаў прастытуцыяй або стварэнне ўмоваў для занятку прастытуцыяй. Ёй пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Расследаванне працягваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі