Барысаўская міліцыя затрымала ўладальніка наркатычнай Тelegram-крамы

Барысаўская міліцыя затрымала ўладальніка наркатычнай Тelegram-крамы

У Барысаве на вуліцы Заводскай супрацоўнікі аддзела па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі пры дапамозе спецатрада хуткага рэагавання затрымалі "Рэно Логан", якім кіраваў 25-гадовы жыхар горада.

Як інфармуе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама, пры ператрусе было знойдзена расфасаванае па поліэтыленавых пакетах псіхатропнае рэчыва альфа-PVP агульнай масай 59,1 грама. Таксама праваахоўнікі знайшлі ў хлопца тры таблеткі экстазі. Акрамя таго, у аўтамабілі былі прыстасаванні для фасоўкі наркотыкаў: двое электронных вагаў, палімерныя пакеты, ізастужка.

Пазней высветлілася, што машына была арандаваная барысаўчанінам на некалькі дзён.

Мужчына рабіў закладкі наркотыкаў і прадаваў іх праз уласную інтэрнэт-краму ў Telegram. Паводле папярэдняй інфармацыі праваахоўнікаў, продажам наркотыкаў ён займаўся са студзеня 2019 года.

Закладкі ён рабіў як ў лесапарках, так і каля шматкватэрных жылых дамоў. Цяпер міліцыянты высвятляюць канал пастаўкі наркотыкаў, а таксама кола магчымых пакупнікоў.

Затрыманага ўзялі пад варту. На яго пачалі крымінальную справу. Раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за захоўванне наркотыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі