Байдэн і Пуцін пагадзіліся сустрэцца, каб абмеркаваць пытанні бяспекі
Джо Байдэн і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Жэневе ў чэрвені 2021 года / Reuters
Прэзідэнты Расіі і ЗША Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн пагадзіліся сустрэцца і абмеркаваць пытанні бяспекі. З гэтай прапановай да іх звяртаўся кіраўнік Францыі Эманюэль Макрон, паведамляе РБК са спасылкай на прэс-службу Елісейскага палаца.
Макрон "прапанаваў правесці саміт паміж прэзідэнтам Байдэнам і прэзідэнтам Пуціным, а затым з усімі зацікаўленымі бакамі ў пытаннях бяспекі і стратэгічнай стабільнасці ў Еўропе. Прэзідэнты Байдэн і Пуцін прынялі прынцып такога саміту", гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі французскага прэзідэнта.
Парадак перамоваў павінны абмеркаваць ўжо на гэтым тыдні дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.
Напярэдадні Макрон тэлефанаваў Байдэну і Пуціну. Прычым з Пуціным, паводле звестак тэлеканала BFM, французскі прэзідэнт размаўляў двойчы.
Прэс-сакратар Белага Дома Джэн Псакі пацвердзіла, што "прэзідэнт Байдэн у прынцыпе пагадзіўся на сустрэчу з прэзідэнтам Пуціным, калі не адбудзецца ўварванне". Паводле яе слоў, ЗША гатовыя да дыпламатыі. Але таксама гатовыя і "да хуткіх і суровых наступстваў для Расіі, калі яна замест гэтага абярэ вайну".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.