БАЖ прапануе зладзіць сёння а 12-й гадзіне хвіліну маўчання ў інтэрнэце

"Журналісты не маюць права забывацца на лёс калег з трагічным лёсам. Мы павінныя нагадваць суграмадзянам пра тыя справы, кропка ў якіх яшчэ не пастаўленая", — адзначае ў сваёй заяве БАЖ.


Нагадаем, Дзмітрый Завадскі знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт "Мінск-2" 7 ліпеня 2000 года. Яму было 27 гадоў.


У 1994-1997 гадах Завадскі працаваў аператарам у пуле Аляксандра Лукашэнкі. Са студзеня 1997-га ён перайшоў на Грамадскае расійскае тэлебачанне.


Па факце знікнення Дзмітрыя была распачатая крымінальная справа па артыкуле "забойства", аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на "выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі". У сакавіку 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ён ужо выйшаў на волю).


Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: маўляў, Дзмітрый Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх партызанаў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.


У лістападзе 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі