Без намёкаў. Як у Еўропе ратавалі эмігрантаў без пашпартоў

Яны апынуліся за мяжой без дакументаў. Але вярнуцца на радзіму не маглі — праз магчымыя рэпрэсіі дыктатарскага рэжыму, які захапіў уладу ў іх краіне. 


Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як Фрыцьёф Нансен прыдумаў пашпарты для “белай эміграцыі”. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.


Падчас грамадзянскай вайны за межы Расіі выехалі мільёны чалавек. Большасць эмігрантаў, якія ўцякалі ад новай савецкай улады, не мелі ніякіх афіцыйных папер для замежных падарожжаў. Людзі ўцякалі з дарэвалюцыйнымі пашпартамі, са звычайнымі пасведчаннямі асобы, з ваеннымі кніжкамі… Некаторыя ўвогуле без аніякіх дакументаў. Як, напрыклад, апошнія часці белай арміі з Крыма.

У Еўропе, у першую чаргу ў Берліне і ў Парыжы, куды спрабавалі дабрацца шматлікія ўцекачы, статус усіх гэтых людзей заставаўся нявызначаным. Іх як звычайных валацуг без дакументаў маглі выслаць у любую суседнюю дзяржаву. Што перыядычна і адбывалася.

Аднак для рускіх эмігрантаў у Еўропе ўсё ж з'явіўся “выратавальны круг”, які дазваляў атрымаць легальны статус у шмат якіх краінах. 5 ліпеня 1922 года ім пачалі выдаваць так званыя нансенаўскія пашпарты. Гэты дакумент прыдумаў камісар Лігі Нацый па справах уцекачоў Фрыцьёф Нансен. У часе сваёй працы ён сутыкнуўся з вялікай плынню людзей, якія ўцяклі з Расіі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Спецыяльны дакумент быў распрацаваны ім для таго, каб аблегчыць жыццё людзей, пазбаўленых магчымасці бяспечна вярнуцца на радзіму праз рэпрэсіі і тэрор.

Фритьоф Нансен

Палярны даследчык Нансен на працягу дзесяцігоддзяў супрацоўнічаў з многімі рускімі вучонымі і людзьмі з імператарскай сям'і, таму рэвалюцыю ўспрыняў амаль як асабістую катастрофу. У той жа час аўтарытэт Нансена як грамадскага дзеяча і філантропа да пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя быў бясспрэчны, і любы яго праект хутка збіраў неабходныя ахвяраванні. Так было і з яго пашпартам.


Уладальнікі такога дакумента маглі перамяшчацца паміж краінамі — удзельніцамі Жэнеўскай канферэнцыі. У дачыненні да іх не дзейнічалі абмежаванні, прадугледжаныя для пазбаўленых грамадзянства асоб. Да 1922-га “нансенаўскі пашпарт” пагадзіліся прызнаць большасць дзяржаў Еўропы, а таксама ЗША. А праз 20 гадоў ён дзейнічаў ужо ў 52 дзяржавах свету.

Гэта была сціплая кніжка, якую выдавалі кожнаму, хто мог засведчыць сваю асобу і даказаць, што з'яўляецца ўцекачом. Зрэшты, такім доказам тады з'яўляўся сам ад'езд чалавека з “краіны саветаў”. Пасля выдачы пашпарта замест пячаткі ў яго ўклейвалася пяціфранкавая марка (часам з партрэтам Нансена). Менавіта праз гэта словазлучэнне “нансенаўскі пашпарт” шырока ўвайшло ва ўжытак.

Пасведчанне не было пашпартам “грамадзяніна свету”, а ўсяго толькі праязным дакументам. Яго ўладальнік мог год ці два перамяшчацца з краіны ў краіну, пакуль не абярэ сабе месца сталага жыхарства, дзе ён мог разлічваць на атрыманне грамадзянства. Аднак многія рускія эмігранты, не жадаючы станавіцца грамадзянамі ніякай іншай краіны, акрамя Расіі, жылі па "нансенаўскіх пашпартах" дзесяцігоддзямі.

За першыя ж гады такіх пашпартоў было выдадзена 450 000, і сярод іх уладальнікаў — сотні рускіх знакамітасцяў: Набокаў, Рахманінаў, Рэпін, Стравінскі, Бунін… Што праўда, былі і крытыкі гэтага дакумента нават сярод яго ўладальнікаў: той жа Набокаў аднойчы заявіў, што чалавек з такім пашпартам “адчувае сябе злачынцам, выпушчаным умоўна”. Аднак гэта, вядома, было лепш, чым нічога. Адзін з герояў Рэмарка трапна заўважыў, што ўладальнікі “нансенаўскага пашпарта” ў гады пасля Першай сусветнай вайны былі “арыстакратамі сярод людзей без айчыны”.

Нансенаўскі пашпарт стаў перадумовай для праязнога дакумента ўцекача, які з’явіўся ў 1951 годзе пасля падпісання Канвенцыі ААН аб статусе ўцекачоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.