Фільм Палуяна "Возера радасці" атрымаў прэмію Беларускай кінапрэсы

Кадр з фільма "Возера радасці"

Названыя першыя лаўрэаты прэміі кінапрэсы Беларусі. Прэмію заснавалі мінулай восенню. Да конкурсу былі дапушчаныя беларускія гульнявыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны, створаныя ў 2019 і 2020 гадах.

Найлепшым гульнявым поўнаметражным фільмам зрабілася карціна "II/Два" Улады Сяньковай. Гэта гісторыя пра падлеткаў. Найлепшым кароткаметражным фільмам прызналі "Возера радасці" Аляксея Палуяна. Карціна знятая паводле рамана Віктара Марціновіча. Выканаўца галоўнай ролі Анастасія Пляц адзначаная як найлепшая актрыса.

У іншых намінацыях адзначаныя:

  • Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм — "Чыстае мастацтва" Максіма Шведа
  • Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм — "Тата" Марыі Якімовіч
  • Найлепшы анімацыйны фільм — "Царства зорак" Івана Гапіенкі
  • Найлепшы рэжысёр — Максім Швед
  • Найлепшы акцёр — Мікалай Бандарэнка за ролю ў фільме "Дэзерцір" (рэжысёр Саша Стэльчанка)
  • Найлепшая праца аператара — Арцём Лобач за фільм "Шлях дадому"
  • Найлепшы сцэнар — Любоў Зямцова за фільм "Месца любові"
  • Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка — Мінскія ЖЭСы за фільм "Чыстае мастацтва" (рэжысёр Максім Швед)
  • Найлепшая музыка ў фільме — Уладзімір Сівіцкі і Іван Кірчук за фільм "Код продкаў" (рэжысёр Уладзімір Луцкі)
  • Адкрыццё года — рэжысёрка Марыя Якімовіч

Афіцыяльнага ўручэння ўзнагародаў не было. Арганізатары прапануюць лаўрэатам звязацца з імі, каб дамовіцца пра перадачу дыпломаў.

"Калі б мы не знаходзіліся ў розных краінах, то з калегамі-кінакрытыкамі, напэўна, выпілі б сёння ўвечары віна. За тое, што мы арганізавалі першую прэмію беларускай кінапрэсы "Чырвоны верас" і зрабілі яе аскетычнай і прыгожай", — напісала ў Фэйсбуку сябра журы Ірэна Кацяловіч.

Але нягледзячы на адсутнасць цырымоніі і складаныя часы, яна спадзяецца, што гэта заахвочванне кінематаграфістаў нагадае: "Беларусам трэба беларускае кіно".

Адзначым, што арганізатарамі прэміі "Чырвоны верас" зрабіліся чацвёра журналістаў: Ірэна Кацяловіч, Дар'я Амяльковіч, Максім Карпіцкі і Тарас Тарналіцкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.