Лукашэнка прыляцеў у Сочы з палітычнымі козырамі, якія паспрабуе прадаць

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы, верасень 2022 года / president.gov.by

26 верасня Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Сочы, але пра нейкія важныя рашэнні і ўвогуле пра вынікі гутаркі публічна пакуль што не гаворыцца. Затое на наступны дзень у сацсетках з'яўляецца інфармацыя, што Беларусь, напэўна, рыхтуецца да масавага прыёму войскаў з Расіі. Маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” паведамляе, што на чыгунцы назіраецца актыўнасць: вядзецца распрацоўка графіка руху воінскіх эшалонаў, ідзе праверка месцаў пагрузкі на станцыях, рамонт пагрузачна-разгрузачных платформаў, аўтамабільных падыходаў і іншыя мерапрыемствы.

Што там увогуле адбываецца ў Сочы паміж двума аўтакратамі? Пра што яны могуць дамовіцца?

— Лукашэнка будзе таргавацца. Ён сёння залежны ад Пуціна, і падвяргаць сумневу гэта не варта, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аналітык Ігар Тышкевіч. — Проста пытанне, наколькі ён вольны ў сваіх манеўрах. І я рэкамендую паглядзець, як Лукашэнка выглядаў учора [26 верасня на сустрэчы з Пуціным] і прагартаць тую ж самую стужку крышку вышэй на канец 2020-га — пачатак 2021 года. З якім выглядам выглядам Лукашэнка прыязджаў тады.

Так, паклікаў Пуцін. Але пытанне, што ў Лукашэнкі ёсць некалькі козыраў. Знешнепалітычны — гэта Кітай і Турцыя. Гэта тыя ж самыя спробы Беларусі або сігналы, якія падае Макей і сам Лукашэнка, наконт гатоўнасці, прынамсі, да кансультацый з Еўрапейскім саюзам.

Эканамічны — адсутнасць патрэбы ў каласальных грашовых уліваннях тут і цяпер. Другая частка эканамічнага [козыра] — пэўныя праграмы або пэўныя магчымасці, дзе Беларусь можа замясціць частку выпадаючых еўрапейскіх і, што вельмі важна, кітайскіх тавараў. Плюс пэўнае тэхналагічнае супрацоўніцтва.

— Я думаю, што Лукашэнка паспрабуе прадаць Пуціну гэта [“козыры”] таксама як адзін з дадатковых варыянтаў, які можа з’явіцца, — працягвае Ігар Тышкевіч. — Таму станам на сёння ў Лукашэнкі ёсць значна болей чаго пакласці на стол у выглядзе, умоўна кажучы, сваіх прапаноў, чым гэта было год таму. Кантакты з Пуціным заўсёды адбываліся не столькі як сяброўскія ці партнёрскія. Гэта заўсёды торг — то-бок адзін цісне, другі выкручваецца. У рэшце рэшт знаходзяць нейкі кампраміс. Адпаведна, натуральна, што Лукашэнка задаволены і паехаў з, умоўна кажучы, моцнымі пазіцыямі.

З іншага боку, у Расіі таксама ёсць свае патрабаванні, свой парадак дня, свае пункты, па якіх трэба даціснуць або атрымаць хоць нейкі больш-менш уцямны адказ ад Беларусі. Якраз па гэтых кірунках Лукашэнку будуць ціснуць, прычым досыць сур’ёзна, — падкрэслівае палітычны аналітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.