У Італіі на парламенцкіх выбарах перамаглі ультраправыя

Джорджа Мелоні / facebook.com/giorgiameloni.paginaufficiale

Папулісцкая партыя "Браты Італіі" на чале з Джорджай Мелоні атрымлівае больш за чвэрць галасоў выбаршчыкаў. Гэта найбольшая падтрымка, адзначае Euronews.  Адпаведна, Мелоні становіцца галоўным прэтэндэнтам на пасаду прэм'ер-міністра. У сваёй пераможнай прамове яна паабяцала, што яе ўрад "аб'яднае ўсіх італьянцаў".

Разам з "Лігай" Матэа Сальвіні і "Наперад, Італія" Сільвіа Берлусконі Мелоні набірае больш за 44%. Левацэнтрысцкая кааліцыя — усяго каля 26,5%. Дэмакраты ўжо прызналі сваю паразу і абяцаюць стаць асноўнай апазыцыйнай сілай у будучым парламенце.

ВПС нагадвае, што палітыкі крайне правага толку прыходзяць да ўлады ў Італіі ўпершыню з часоў Беніта Мусаліні, які роўна сто гадоў таму, у кастрычніку 1922, зладзіў пераварот, стаў дыктатарам і кіраваў 20 гадоў. Але гэтым разам усё прайшло дэмакратычным шляхам.

Мелоні усяго 45. Яе выбралі, таму што ад старых палітыкаў стаміліся, кажуць суразмоўцы ВВС.  Уладальнік невялікай кавярні ў цэнтры Неапаля Піна дэ Стасіа патлумачыў журналістам, што "людзі ідуць па свеце, бізнес бурыцца, таму народ і галасуе за правых. Таму што правыя яшчэ не кіравалі. У іх мы яшчэ не паспелі расчаравацца".

Пры гэтым стаўленне Італіі да Расіі і Украіны не зменіцца, мяркуюць суразмоўцы рэсурсу. Нават калі партнёры Мелоні Сальвіні і Берлусконі — паслядоўныя русафілы. Ва ўсіх інтэрв'ю Мелоні кажа, што лічыць Расію і Кітай супернікамі Захаду. Да Пуціна сімпатыі не адчувае і мае намер падтрымліваць цяперашнюю палітыку ЕС і НАТА. Нават у апазіцыі Мелоні заўсёды галасавала за санкцыі супраць Расіі, нагадвае былы амбасадар Італіі пры NATO Стэфана Стэфаніні. "У яе няма ніякіх прычын мяняць пазіцыю пасля прыходу да ўлады", — кажа дыпламат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.