"З раніцы да вечара пераконваюць". Да чаго прапаганда рыхтуе жыхароў Луганска

У Луганску ў 2014-м / Reuters

Луганск і Данецк рыхтуюць да вераснёвых "рэферэндумаў" аб далучэнні да Расіі. Як мясцовых жыхароў "апрацоўваюць" прапагандысты, праз што яны нярэдка пачынаюць верыць фэйкам і маніпуляцыям, жанчына з Луганска расказала BBC.

— — —

Кожная мая раніца пачынаецца аднолькава — я чытаю свежыя навіны пра нас. Прычым чытаю іх як на мясцовых навінавых рэсурсах, так і на агульнаўкраінскіх. Навіны аднолькавыя, але падача, як пад соусам умелага шэф-кухара, кардынальна адрозніваецца.

Калі верыць мясцовым Луганскім СМІ, мы заваленыя па вушы расійскай гуманітаркай. Яе шлюць тонамі кожны дзень.

Наша сям'я, ды што там, сем'і літаральна ўсіх маіх знаёмых жывуць, мабыць, на нейкай іншай планеце. Мы не бачым і не атрымліваем гэтыя тоны дапамогі. Мы нават не ўяўляем, куды яны ідуць.

Калі гаварыць пра лякарню, то кожная шпіталізацыя майго дзіцяці аплачваецца з маёй кішэні. Калі пра школу — няма падручнікаў, і тэлевізар у клас і антысептыкі мы таксама купляем самі. Дый "дзяржаўная" спартыўная секцыя абыходзіцца нам у 500 рублёў у месяц.

Можа быць, у нашым жыцці проста няма таго, што пакрывае гуманітарная дапамога? Наогул наша рэальнае жыццё і жыццё, якое паказваюць у мясцовых прарасійскіх навінах, настолькі розныя, што гэта больш падобна да нейкіх асобных планет, чорнай і белай, сапраўднасць і залюстроўе.

У роліку на мясцовым тэлеканале паказваюць, быццам нашы луганскія "байцы" ўсё жыццё толькі і марылі ваяваць. Нават губляючы рукі і ногі, яны вяртаюцца ў строй.

Святкаванне "Дня Расіі" ў Луганску / ФАН

Амаль заўсёды ў адказ на свае пытанні мы чуем загадкавую фразу: "Вось дачакаемся верасня".

Гаворка ідзе пра так званы "рэферэндум", які плануе Расія. Усе разумеюць, што ён будзе фармальны, аднак, нягледзячы на гэта, з хваляваннем чакаюць зменаў — у цэнах на нерухомасць, у парадку выплат пенсій і дапамог, ўзроўні жыцця і г. д.

Ні ў кога не ўзнікае думкі, што "рэферэндум" можа мець нейкі іншы вынік ці што ён не адбудзецца.

І менавіта пад "рэферэндум" адкрываюць нейкія дзіцячыя цэнтры, якія маюць вельмі фіктыўны змест, але яркую форму — вельмі пампезнае асвятленне ў СМІ.

У горадзе шмат білбордаў, шмат рэкламы з адным і тым жа пасылам: Расія — гэта добра.

Пра будучы "рэферэндум" людзі гавораць як бы пра між іншым, нібы пра пару года, якая надыходзіць. Як пра нешта, што будзе па-за залежнасцю ад твайго жадання ці настрояў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.