Беларусь дагэтуль не разлічылася з Расіяй за газ

Беларусь дагэтуль не разлічылася з Расіяй за газ

Беларусь дагэтуль не разлічылася з Расіяй за пастаўкі газу ў 2016 годзе. Да 20 кастрычніка нашая краіна мусіла пералічыць "Газпраму" $281 млн. Гэтая пазыка ўтварылася праз тое, што з пачатку года беларускі ўрад плаціў за газ не па кантрактным кошце ($132 за тысячу кубаметраў) а па кошце, які лічыў "справядлівым" ($70 за тысячу кубаметраў).

11 кастрычніка міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык заявіў журналістам, што пазыку за пастаўлены расійскі газ закрыюць да 20 кастрычніка. 19 кастрычніка старшыня праўдення Нацбанка Беларусі Павел Калаур казаў, што праблем з плацяжом не будзе — грошы ў краіне ёсць. Аднак пасля "дэдлайну" прайшло ўжо пяць дзён, а "Газпрам" грошай так і не пабачыў.

У расійскім газавым гіганце, а таксама ў Міністэрстве энергетыкі Расіі сітуацыю Еўрарадыё не пракаментавалі. У Міністэрстве фінансаў Беларусі параілі звярнуцца ў беларускае Мінэнерга — маўляў, гэта іх пытанні.

Прэс-сакратар Мінэнерга Жана Зянькевіч паведаміла Еўрарадыё, што навінаў наконт пагашэння пазыкі пакуль няма: "Нічога пакуль не чуваць. Гэта значыць, пакуль не аплацілі".

У 2007 годзе Беларусь ужо апыналася ў падобнай сітуацыі. Нашая краіна мусіла аплаціць пазыку ў $266 млн да 10 жніўня. З вялікай верагоднасцю, грошы на гэты плацёж былі ўзятыя з золатавалютных рэзерваў краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі