Беларусь не будзе забараняць польскія яблыкі, бо сваіх не хопіць?
Следам за малдаўскай садавіной пад забарону ў Расіі трапіла польская.
І зноў нібыта ўсяму віной пладажэрка. Пасля падпісання Малдовай асацыяцыі з ЕС яна завялася ў малдаўскіх абрыкосах, а цяпер і ў польскіх яблыках пасля увядзення Еўрасаюзам санкцый супраць Расіі.
Калі пладажэрку ў малдаўскіх абрыкосах беларусы ў адрозненне ад расіян не знаходзілі, то ў польскіх яблыках – бывала.
"У асобных партыях знаходзілі. Кожная партыя даследуецца, а партыя – гэта 20 тон, машына загружаная 20-тонная, кожная машына – гэта партыя", — кажа дырэктар Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Леанід Пляшко.
Але з-за гэтага забараняць польскія яблыкі не сталі, бо розную падкаранцінную прадукцыю на мяжы знаходзяць штомесяц і адпраўляюць назад пастаўшчыку, знішчаюць або праводзяць апрацоўку.
"Расіяне могуць і забараніць, ад гэтага ж у нас нічога не змяняецца. Расіяне забаранілі, можа быць, але ў нас афіцыйнага паведамлення няма", — тлумачаць у інспекцыі. Таму польскія яблыкі праз беларускую мяжу прапускаюць без праблем.
Абвестка ў польскім аўтобусе: З'еш яблык на злосць Пуціну
Найбольшую колькасць яблыкаў, груш і айвы мы экспартуем менавіта з Польшчы — 75,1%. У 2013 годзе мы імпартавалі 213,7 тысяч тон яблык і груш, з іх толькі 6,4 тысячы тон з краін СНД. Прыкладна 150 тысяч тон яблыкаў і груш будуць польскімі.
А за першыя 5 месяцаў 2014 года яблыкаў, груш і айвы мы імпартавалі з Польшчы на 190 тысяч тон. Сваіх яблыкаў і груш у нас 343 тысяч тон — гэта ўраджай 2013 года. Лічыце самі, што гэта значыць!
"Сабранае – гэта адно, іншая справа, колькі рэалізавана", — удакладняюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі.
Напрыклад, за мінулы год Белкаапсаюзам было рэалізавана 96 тысяч тон яблыкаў, з іх 93 тысяч сабраныя… у насельніцтва. Беларускіх яблыкаў, магчыма, і дастатокова, але да наступнага лета яны могуць і не праляжаць. Таму без польскіх 150 тысяч тон нам можа не хапіць.
Праўда, Беларусь пакуль не плануе ўводзіць такія забароны следам за Расіяй. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце "СБ" выказваецца дырэктар дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Ігар Назарук.
"Беларусь не заўсёды абавязаная далучацца да мераў, ініцыіраваных ветэрынарнымі і фітасанітарнымі службамі саюзнікаў. Гэта ў асноўным нацыянальная кампетэнцыя, і большай часткай звязаная з клопатам пра здароўе і бяспеку грамадзян".
А Расія пагражае забараніць увоз усёй гародніны і садавіны з Еўропы.