Беларусь прадала 170 тысяч білетаў на II Еўрапейскія гульні
Білеты на Еўрапейскія гульні / sb.by
Каля 170 тысяч білетаў прадалі на мерапрыемствы II Еўрапейскіх гульняў, расказаў Еўрарадыё ў дзень адкрыцця спаборніцтваў кіраўнік прэс-службы дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў Аляксей Багдановіч.
Яшчэ два дні таму, 19 чэрвеня, колькасць прададзеных білетаў была каля 160 тысяч. "Першапачаткова планавалася прадаць 190 тысяч білетаў, але з улікам пашырэння магчымасцяў для гледачоў колькасць павялічылася да 250 тысяч", — расказваў Аляксей Багдановіч журналістам БелТА.
Каля 20 тысяч білетаў было прададзена пакупнікам з-за мяжы. Але гэта адносная статыстыка. Заўзятары самі ставілі галачку пры куплі. Гэта не абавязковае поле для запаўнення. Хтосьці гэта рабіў, а хтосьці не. "Рэальная лічба можа быць у два разы большая", — мяркуе Аляксей Багдановіч.
Мінчукам варта чакаць наплыву расійскіх заўзятараў. У апошні месяц асабліва актывізаваліся пакупнікі з Масквы і Санкт-Пецярбурга.