Беларусь закупіць вакцыну ад COVID-19 для 2 мільёнаў грамадзян
Ігар Петрышэнка / з архіву БЕЛТА
У бюджэце на наступны год прадугледжана каля 50 мільёнаў рублёў на закупку вакцыны ад COVID-19, заявіў у эфіры АНТ віцэ-прэм'ер урада Ігар Петрышэнка.
"У праекце бюджэту на наступны год мы запланавалі блізу 50 мільёнаў рублёў на закупку вакцыны — для вакцынацыі пакуль 2 мільёнаў нашых грамадзян, а далей мы будзем шырэй глядзець на гэты аспект", — сказаў ён.
Са слоў Петрышэнкі, працягваецца актыўная праца "з дапамогай расійскіх калегаў над тым, каб у сябе пачаць вытворчасць вакцыны".
Беларусь стала першай з замежных краін, у якой стартавалі клінічныя даследаванні Sputnik-V, расійскай вакцыны ад каранавіруса. Дзеянне прэпарата на сабе выпрабавалі ў тым ліку прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Усяго ў выпрабаваннях расійскай эксперыментальнай вакцыны ўзялі ўдзел каля 100 беларусаў. У пачатку лістапада Лукашэнка даручыў прапрацаваць магчымасць арганізацыі ў Беларусі ўласнай вытворчасці Sputnik-V.
Петрышэнка ў эфіры АНТ таксама расказаў пра аб'ёмы выплат бюджэтнікам у наступным годзе. У прыватнасці, на павышэнне зарплаты нізкааплатным работнікам (дворнікам, нянечкам і іншым катэгорыям) у бюджэце прадугледжана парадку 50 мільёнаў рублёў. Прадугледжаныя на наступны год і сродкі на даплаты медыкам, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19.
"У бюджэце на гэтыя мэты зарэзерваваныя 118 мільёнаў рублёў", — сказаў Петрышэнка.
Ён таксама расказаў, што ў наступным годзе мяркуецца павялічыць выдаткі на ахову здароўя (на 6,8%), адукацыю (на 8,2%), культуру, спорт і СМІ (на 7,1%).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.