Беларусам і замежнікам давядзецца плаціць за ўезд у памежную паласу
26 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №132 "Аб змяненні указаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Гэты дакумент уводзіць дзяржаўную пошліну за ўезд у памежную паласу.
Нагадаем, што з 1 студзеня ў Беларусі адмянілі дзяржаўную пошліну за ўезд і часовае знаходжанне ў памежнай зоне.
Затое ўводзіцца дзяржпошліна за выдачу пропускаў у памежную паласу.
Ад яе ўплаты вызваляюцца асобы, якія выконваюць у памежнай паласе свае працоўныя або службовыя абавязкі, наведваюць месца пахавання сваякоў, валодаюць нерухомай маёмасцю. Таксама не давядзецца плаціць гэтую пошліну ўдзельнікам вайны і сваякам, якія едуць да ваеннаслужачых, якiя праходзяць службу ў падраздзяленнях на памежжы.
Указ Лукашэнкі зацвярджае пералік дакументаў, на падставе якіх гэтыя катэгорыі грамадзян вызваляюцца ад выплаты пошліны. Прычым такая льгота даецца толькі ў межах канкрэтнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
Прыезджыя замежнікі да 14 гадоў вызваляюцца ад выплаты пошліны за знаходжанне ў памежнай зоне, а грамадзяне Беларусі гэтага ж узросту — і за знаходжанне ў памежнай паласе.