Беларуска Дзіна Сазанавец — чэмпіёнка Еўропы па цяжкай атлетыцы
На спаборніцтвах у Тбілісі яна абараніла свой тытул чэмпіёнкі кантынента, які заваявала летась.
Беларуская цяжкаатлетка Дзіна Сазанавец стала чэмпіёнкай Еўропы па суме двухбор'я ў вагавай катэгорыі да 69 кг. Кантынентальнае першынство праходзіць у Тбілісі. Вынік Сазанавец — 255 кг (у рыўку — 115 кг, у штуршку — 140 кг). Такім чынам яна абараніла свой тытул чэмпіёнкі кантынента, які быў заваяваны летась.
Другое месца заваявала расіянка Яна Кандрашова (235 кг), трэцяе — Анастасія Ібраімлі з Азербайджана (233 кг). Яшчэ адна беларуска, Марына Шкерманкова, заняла 4-е месца, яе сума — 232 кг (103+129).
Дзіне Сазанавец 24 гады. Яна — ўраджэнка Клічава. На Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане Сазанавец набрала аднолькавую суму разам з румынкай Раксанай Кокаш і беларускай Марынай Шкерманковай, але з-за большай асабістай вагі заняла толькі чацвёртае месца і засталася без алімпійскага медаля.
Фота: mogilevnews.by