Беларуска Марыя Мамашук заваявала срэбра на Алімпіядзе ў Рыа

Беларуска Марыя Мамашук заваявала срэбра на Алімпіядзе ў Рыа

Беларуска Марыя Мамашук заваявала срэбра на Алімпіядзе ў Рыа. У фінале алімпійскага турніру па вольнай барацьбе ў вагавай катэгорыі да 63 кг яна саступіла японцы Рысака Каваі — 0:6.

Нагадаем, у 1/8 фіналу Мамашук выйграла ў Кацярыны Ларыёнавай з Казахстана — 8:2, у 1/4 фіналу перамагла Катарыну Ёхансан са Швецыі — 7:2, у паўфінале абыграла амерыканку расійскага паходжання Алену Піражкову — 3:2.

На рахунку беларускіх алімпійцаў у Рыа 1 золата, 3 срэбра і 2 бронзы.

Марыя Мамашук нарадзілася 31 жніўня 1992 года ў пасёлку Зяброўка ў Гомельскім раёне. У спорт прыйшла выпадкова — яе першы трэнер Пётр Бабей прыехаў у школу набіраць дзяцей у секцыю вольнай барацьбы. Сяброўка паклікала з сабой Марыю. Пасля многія перасталі наведваць секцыю, а Мамашук засталася. Яна займалася з 5-га класа, з 7-га класа пачаліся поспехі на спаборніцтвах на гарадскім і абласным узроўнях. Пасля было трэцяе месца на прафсаюзным першынстве Беларусі. Яна вучылася ў Гомельскай вучэльні алімпійскага рэзерву, скончыла факультэт фізічнага выхавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны. Наступнымі трэнерамі былі Георгій Джангіраў, Сяргей Смаль.

Мамашук — майстар спорту міжнароднага класа. У яе спартыўнай кар'еры ўжо былі траўмы і аперацыі. Аднак яна аднавілася і пачала заваёўваць узнагароды ўжо ў дарослым спорце. У 2013 годзе Марыя была лепшай у Еўропе ў катэгорыі да 63 кг сярод моладзі да 23 гадоў. На дарослым кантынентальным першынстве прайграла ўжо ў першым крузе, на чэмпіянаце свету было 9-е месца. У 2014-м брала срэбра на кантынентальным першынстве (на чэмпіянаце свету была 7-я), у 2015-м — бронзу на Еўрапейскіх гульнях у Баку (на чэмпіянаце свету было толькі 10-е месца). Стала чэмпіёнкай Еўропы ў сакавіку 2016 года. У апошнія гады Мамашук называюць адной з самых перспектыўных прадстаўніц беларускай жаночай вольнай барацьбы.

У вольны час любіць адпачываць з сябрамі ў Гомелі, чытаць, у тым ліку і сур'ёзную літаратуру. Калі глядзіць спартыўныя трансляцыі, дык пераважна тэніс і фігурнае катанне.

Яшчэ ў 2013-м у адным з інтэрв'ю Марыя Мамашук прызналася, што марыць пра Алімпіяду ў Рыа і пра алімпійскія медалі. Як бачым, яе мара збылася. Віншуем!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі