Беларускаму палітвязню да 22 гадоў зняволення дадалі яшчэ тры гады
Вячаслаў Маляйчук з сяброўкай
Беларускаму палітвязню да 22 гадоў зняволення дадалі яшчэ тры гады. Вячаслава Малейчука двойчы за год асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі", паведамляюць праваабаронцы.
У лютым суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў яго вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на 1 год. Пасля прысуду Малейчука накіравалі з ваўкавыскай калоніі № 11 у папраўчую калонію № 9 у Горкі, вядомую сваім жорсткім рэжымам. Новы суд адбыўся ў жніўні. Суд Горацкага раёна правёў выязное пасяджэнне непасрэдна ў калоніі. Абвінавачаны сваю віну не прызнаў, ад дачы паказанняў адмовіўся. Суддзя Алена Вераб'ёва дадала да агульнага тэрміну яшчэ 2 гады пазбаўлення волі.
Сцвярджалася, што Вячаслаў Маляйчук катэгарычна адмаўляўся выходзіць на працу ў першую змену на дрэваапрацоўчы ўчастак калоніі. Напачатку яго змясцілі ў ШІЗА, затым на адзін месяц перавялі ў памяшканне камернага тыпу.
Першы прысуд 37-гадоваму Вячаславу Маляйчуку быў агучаны ў Мінскім абласным судзе ў траўні 2022-га. Яго асудзілі на 22 гады калоніі строгага рэжыму па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку "падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму". Але найхутчэй мужчына стаў ахвярай правакацыі сілавікоў.
Беларускія праваабаронцы прызналі Вячаслава Малейчука палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.