Беларуская лучніца атрымала польскае грамадзянства

Карына Казлоўская

Карына Казлоўская / instagram.com/kazlouskaya.karyna/

Беларуская лучніца Карына Казлоўская нядаўна атрымала польскае грамадзянства. "Я вельмі шчаслівая",напісала яна ў Instagram. Раней польскі пашпарт атрымалі беларускія лёгкаатлеткі Крысціна Ціманоўская і Марыя Жодзік.

Казлоўскай 24 гады. Яна неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі, на Алімпіядзе ў Токіа разам з камандай заняла 4-е месца. У 2020-м падпісвала ліст беларускіх спартоўцаў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары ў Беларусі. Пра тое, што лучніца сышла са зборнай і з'ехала за мяжу, стала вядома ў 2022 годзе.

"Пачынаючы з 2020 года я знаходзілася ў пастаянным стрэсе, — тлумачыла Карына Казлоўская сваё рашэнне. — З-за Алімпійскіх гульняў, пандэміі, выбараў, і пасля палітычных рэпрэсій, якія працягваюцца ў краіне да гэтага часу, і вайны ва Украіне. Дзеля спорту я маўчала, цярпела прыніжэнне, пагрозы, запалохванні. Пазбаўлялася ўсё большай колькасці правоў... Усё дайшло да кропкі незвароту і мною было прынята рашэнне з'ехаць з краіны".

Нягледзячы на ​​тое, што грамадзянства Казлоўская атрымала толькі ў 2025-м, яна ўжо прадстаўляла Польшчу на ​​афіцыйных міжнародных спаборніцтвах. Напрыклад, у чэрвені 2023-га з польскай нацыянальнай камандай узяла бронзу на Кубку Еўропы. У кастрычніку таго ж года Казлоўская заяўляла, што прыпыняе кар'еру праз канфлікт з дырэктарам і трэнерам клуба "Лучнік". Але ў лютым 2024-га ў тым жа клубе аднавіла кар'еру, піша "Трыбуна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі