Беларуская мытня не мае ад РФ звестак пра абмежаванні "санкцыйных" тавараў
Кіраўніцтва Мытнага камітэта ведае аб расійскіх прэтэнзіях толькі са СМІ.
Беларускія мытныя органы не атрымлівалі расійскіх калег звестак пра тое, што з 30 лістапада Рассельгаснагляд забараніў транзіт "санкцыйных" прадуктаў з Беларусі праз Расію без дагляду на расійскіх пунктах пропуску. Пра гэта ў эфіры праграмы "Контуры" тэлеканала АНТ заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько ўвечары 30 лістапада.
Па яго словах, якія пераказвае БелаПАН, беларускія мытнікі ведаюць пра сітуацыю толькі са СМІ. Ніякага афцыйнага апавяшчэння Федэральная мытная служба Расіі не давала.
Па словах Сянько, ад 7 жніўня, калі Расія ўвяла санкцыі на заходнія прадукты, праз Беларусь прайшло каля 6 тысяч партый санкцыйных тавараў. Беларускія мытнікі дагледзелі 1400 з іх. Каля 100 транспартных сродкаў мытнікі вярнулі ў краіну адпраўлення. Каля 500 — пад мытным суправаджэннем перададзеныя расійскім калегам.
Старшыня Мытнага камітэту адзначыў, што Беларусь не мае права забараніць транзіт з Еўропы ў бок партнёраў па Мытным саюзе, бо гэта выходзіць за рамкі ўсіх пагадненняў, якія ёсць у Мытным саюзе.
Фота — ctv.by