Беларускі адмаўляюцца ад спіраляў і супрацьзачаткавых. Чаму?

Беларускі адмаўляюцца ад спіраляў і супрацьзачаткавых. Чаму?

Беларускі адмаўляюцца ад спіраляў і супрацьзачаткавых таблетак. Па звестках Белстата, за некалькі апошніх гадоў больш за 200 тысяч жанчын перасталі карыстацца сродкамі кантрацэпцыі. Гэта каля 20% ад тых, хто імі карыстаўся.

У 2011 годзе 515 тысяч беларусак, каб не зацяжараць, карысталіся ўнутрыматачнай спіраллю. Але ўжо ў 2018 годзе іх стала толькі 387 тысяч. Колькасць жанчын, якія ўжываюць гарманальныя прэпараты, таксама знізілася: з 450 тысяч у 2011 годзе да 349 тысяч у 2018-м.

Еўрарадыё разбіраецца, чаму ўсё больш беларускіх жанчын адмаўляецца ад спіраляў і супрацьзачаткавых таблетак.

Асноўныя спажыўцы кантрацэпцыі — жанчыны, якія не нараджалі

Сексолаг-псіхатэрапеўт Васіль Шаўлякоў пацвердзіў Еўрарадыё, што жанчыны часцей сталі адмаўляцца ад спіраляў і супрацьзачаткавых таблетак.

“Гэта сапраўды так, — кажа ён. — У спіраляў як сродку кантрацэпцыі дастаткова шмат супрацьпаказанняў. Спіраль можа адмоўна паўплываць на зачацце. Але пытанне, хутчэй за ўсё, у тым, што спіралі не рэкамендаваныя для тых жанчын, якія не нараджалі. А гэта асноўныя спажыўцы кантрацэпцыі”.

Беларускі адмаўляюцца ад спіраляў і супрацьзачаткавых. Чаму?
Статыстыка Белстата / Скрыншот Еўрарадыё

Наступствы для здароўя могуць быць і ад ужывання супрацьзачаткавых таблетак. Калі няправільна падабраць прэпарат, праблем з псіхікай не пазбегнуць.

“Прэпараты могуць ствараць некаторы фон, на падставе якога могуць развівацца розныя псіхалагічна складаныя станы. Жанчына ўспрымае іх як прамы вынік прыёму гарманальных прэпаратаў і таму адмаўляецца ад прыёму”, — дадае Васіль Шаўлякоў.

Беларусы сталі менш займацца сексам?

Спецыялісты, да якіх звярнулася Еўрарадыё, адзначаюць, што такое сур’ёзнае зніжэнне выкарыстання жаночай кантрацэпцыі адбылося не проста так. Па словах псіхолага Паўла Зыгмантовіча, каб даць аб’ектыўны адказ на гэтае пытанне, трэба праводзіць даследаванне.

Але, магчыма, усё прасцей? Людзі сталі менш займацца сексам, таму і знікла патрэба засцерагацца?   

“Магчыма і такое, бо гэта нерэгістраваная рэч, — распавядае Еўрарадыё Павел Зыгмантовіч. — Ёсць такая гіпотэза, што людзі сталі менш займацца сексам. Гэта звязваюць з распаўсюдам даступнай анлайн парнаграфіі. 

Калі мы назіраем такое сур’ёзнае скарачэнне [выкарыстання жаночай кантрацэпцыі. — Еўрарадыё], значыць, спрацавала нейкая сітуацыя. Гэта можа быць аб’ектыўны ці суб’ектыўны фактар альбо ўсё разам. Трэба дадаткова даследаваць хоць бы праз сацыялагічныя апытанні. Але, відавочна, нешта адбылося”.

Беларускі адмаўляюцца ад спіраляў і супрацьзачаткавых. Чаму?
Фота: uaua.info

Магчыма, адмова ад спіраляў і таблетак тлумачыцца тым, што больш засцерагацца праз прэзерватывы сталі мужчыны? Брэнд-менеджар вытворцы прэзерватываў “Фармін” Андрэй Плюшчэня расказаў Еўрарадыё, што скачкоў продажу на рынку за апошнія гады не было.

“Ёмкасць рынку каля 2,5 млн упаковак на год, — адказаў ён. — Гэта сярэдні паказчык. Але каб павялічыліся аб’ёмы продажу, дакладна не”.  

Эксперты адзначаюць, што адмову жанчын ад спіраляў і гарманальных таблетак можна было б растлумачыць высокай нараджальнасцю, але за 2018 год яна скарацілася амаль на 8%. Прафесар БелМАПА Вольга Перасада распавяла Еўрарадыё, што не заўважыла адмовы жанчын ад спіраляў і гарманальных таблетак. 

Беларускі адмаўляюцца ад спіраляў і супрацьзачаткавых. Чаму?
Фота: med-info.ru

“Супраць статыстыкі не пойдзеш, як кажуць, але гарманальныя кантрацэптывы выкарыстоўваюць вельмі шмат. Яны ідуць як звычайныя лекавыя прэпараты. Магчыма, спіраляў сапраўды сталі выкарыстоўваць менш. Цяжка даць адназначны адказ… Насельніцтва ў нас змяншаецца, гэта можа быць звязана са старэннем насельніцтва”, — кажа Вольга Перасада.    

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі