Беларускі фантаст атрымаў прэмію Eurocon-2017 за раман-фэнтэзі
Кніга беларускага пісьменніка Аляксея Шэіна "Сем камянёў" атрымала ўзнагароду Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі (European Science Fiction Society) за найлепшы літаратурны дэбют. Раман-фэнтэзі быў адзначаны разам з дзесяцю іншымі літаратурнымі дэбютамі.
Сёлетні конкурс фантастычнай літаратуры, Еўракон-2017, праходзіў у Дортмундзе.
"Нечакана, вядома, і прыемна, бо ні пра якое намінаванне я не ведаў. Палез у нэт глядзець, хто ў якіх намінацыях атрымліваў "Эўраконаў" у розныя гады. Аказалася, што гэта былі ў тым ліку і Стругацкія, і Айтматаў, і Карэн Шахназараў, і Станіслаў Лем.
А на званне найлепшага аўтара сёлета прэтэндавалі, напрыклад, Карнэлія Функ з яе "Чарнільным сэрцам" і Віктар Пялевін", — напісаў Шэін у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Па яго словах, атрымала сёлета ўзнагароду і яшчэ адна аўтарка, звязаная з Беларуссю, — Наталля Шчэрба. Пісьменніца жыве ва Украіне, але нарадзілася ў Маладзечне. Цыкл яе кніг "Часодеи" перамг у намінацыі "Найлепшае фэнтэзі для дзяцей".
Нагадаем, што ў 2014 годзе прэмію Еўракона атрымаў Віктар Марціновіч за раман "Мова".