Беларускі пашпартны цэнтр пракаментаваў сітуацыю з “пашпартам новай Беларусі”

"Пашпарт новай Беларусі" / 15min.lt
Беларускі пашпартны цэнтр пракаментаваў Еўрарадыё сітуацыю з “пашпартам новай Беларусі”. У аўторак партал 15min.lt паведаміў, што кампанія "Garsų pasaulis" прыпыняе выпуск пашпартоў з улікам крытыкі з боку палітыкаў і папярэджання праваахоўных органаў Літвы. "Мы спыняем супрацоўніцтва з грамадскай установай Belarus Passport Center і выраб гэтага непрызнанага беларускага пашпарта”, — цытаваўся ліст, які кампанія накіравала ў літоўскае МУС. Як вядома, “Garsų pasaulis” толькі друкавалі пашпарты, персанальныя даныя тых, хто іх замовіў, уносіў Беларускі пашпартны цэнтр.
“Мы працягваем перамовы, вырашаем юрыдычна-прававыя аспекты, у тым ліку па статусе пашпарта. Ніякай афіцыйнай забароны нам не паступала. Будзем дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам, — каментуе Еўрарадыё Беларускі пашпартны цэнтр. — “Garsų pasaulis” перадаў Беларускаму пашпартнаму цэнтру ўсе неабходныя матэрыялы і бланкі. Мы планавалі, што персаналізацыю будзе рабіць сам Беларускі пашпартны цэнтр, у тым ліку для забеспячэння бяспекі праекта. Мы не пачнем выдаваць дакументы або збіраць біяметрычныя даныя, пакуль не завершыцца поўны аўдыт GDPR і не будуць высветленыя ўсе юрыдычныя пытанні адносна статусу дакумента. Пакуль дакумент застанецца сімвалічным”.
У мінулым месяцы міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што афіцыйная Вільня нават не разглядае пытанне аб прызнанні "пашпарта новай Беларусі", падрыхтаванага па ініцыятыве лідараў беларускіх дэмакратычных сілаў. На яго думку, гэтыя дакументы маюць выключна сімвалічны характар.
Перад гэтым Марыюс Гудэлайціс, які ўзначальвае Беларускі пашпартны цэнтр, паведаміў, што заяўку на пашпарт Новай Беларусі можна будзе падаваць з 26 студзеня. Пры гэтым прызнаў, што статус пашпарта як дакумента яшчэ нікім не прызнаны. Гэтыя заявы раскрытыкаваў былы кіраўнік праекта Валерый Кавалеўскі.
Як вядома, праект "пашпарта новай Беларусі" быў прэзентаваны яшчэ летам 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.