Беларускім баскетбалістам параілі падумаць перад тым, як выказвацца пра палітыку
Беларускім баскетбалістам параілі падумаць перад тым, як выказвацца пра палітыку. Як паведамляе супольнасць БФБ у ВК, 22 чэрвеня перад трэніроўкай мужчынскай зборнай па баскетболе з прамовай перад імі выступіў старшыня Беларускай федэрацыі баскетболу Максім Рыжанкоў (ён жа першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта).
"Вы выступаеце за радзіму, таму неабходна памятаць, што ў сваіх учынках павінны быць сацыяльна адказнымі", — гаварыў Рыжанкоў. Ён падкрэсліў, што кіраўніцтва краіны дае баскетбалістам "усе шанцы для самарэалізацыі" і яны "павінны быць арыентырам ва ўсім — не толькі на пляцоўцы, але і ў жыцці". Таксама чыноўнік нагадаў пра тое, што ў спартсменаў вырашаны і фінансавыя, і бытавыя праблемы. І ўсё гэта, "дзякуючы той палітыцы, якая рэалізуецца ў нашай краіне".
"І пэўным спартсменам, у тым ліку і былым, я б параіў менавіта пра гэта падумаць, перш чым паказушна і безадказна разважаць пра рэчы, далёкія ад іх разумення", — заявіў Максім Рыжанкоў.
Як вядома, апошнім часам некаторыя беларускія спартсмены пачалі асуджаць жорсткія разгоны мірных пратэстаў у Беларусі, выступаць за свабодныя выбары. Пра гэта заявіла баскетбалістка Алена Леўчанка. А баскетбаліст зборнай Мікіта Мешчаракоў сказаў: Аляксандр Рыгоравіч, вы не мой прэзідэнт!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.