Беларускія чыноўнікі зноў крытыкуюць дзеянні "Рассельгаснагляду"
Беларускія чыноўнікі зноў крытыкуюць дзеянні "Рассельгаснагляду". Яны сцвярджаюць, што расійскі бок выстаўляе да беларускай прадукцыі неабгрунтавана завышаныя патрабаванні. У эфіры тэлеканала "Беларусь 1" намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло спасылаецца на адказ Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая фактычна заняла беларускі бок. Адначасова сустракаюцца факты падробак беларускіх прадуктаў харчавання. Прадукцыю Шчучынскага масласырзавода фальсіфікавалі ўжо 12 разоў. У выніку "Рассельгаснагляд" закрываў доступ на расійскі рынак прадпрыемствам, якія не маюць адносінаў да выяўленых парушэнняў. І гэта пацвярджаюць праведзеныя расследаванні, адзначыў намеснік міністра.
Тэлеканал АНТ паведамляе, што Еўразійская эканамічная камісія гатовая актывізаваць падрыхтоўку дакументаў для перадачы ветэрынарных і фітасанітарных кантрольных паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень. А пакуль камісія прапануе сваю пляцоўку для перамоваў кантрольных ведамстваў Беларусі і Расіі.