Беларускія дыпламаты адмовіліся прыняць падарункі для Макея і Лукашэнкі

12 чалавек прыйшлі да будынка прадстаўніцтва, каб перадаць міністру замежных спраў Уладзіміру Макею калоду картаў з выявамі беларускіх чыноўнікаў, якую выпусцілі "Беларусы ў выгнанні". Акрамя Макея гэтыя падарункі прызначаліся таксама Аляксандру, Віктару і Дзмітрыю Лукашэнкам.



Прадстаўнікі арганізацыі "Беларусы ў выгнанні" таксама хацелі прэзентаваць кіраўніку МЗС "пакунак пялюшак з рэкамэндацыяй Валодзю Макею хутчэй вырасці з палітычнага дзяцінства і стаць самастойным гульцом на беларускім палітычным полі".



Супрацоўнікі місіі не выйшлі да дэманстрантаў, аднак праз нейкі час каля прадстаўніцтва з'явілася паліцыя, перадае Радыё "Свабода". Пасля разбіральніцтва паліцыянты папрасілі толькі не блакаваць праход перад будынкам прадстаўніцтва.



Не дачакаўшыся беларускіх дыпламатаў, эмігранты сышлі. Падарункі яны вырашылі адправіць службай экспрэс-дастаўкі на адрас прадстаўніцтва.



Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей з 24 па 28 верасня бярэ ўдзел у працы 68-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Ёрку.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі