Беларускія хакеісты перамаглі славенцаў — 4:2 (відэа)
Першы свой матч на першынстве свету наша зборная скончыла вікторыяй.
2 траўня зборная Беларусі па хакеі атрымала пераканаўчую перамогу над Славеніяй у матчы першынства планеты, якое праходзіць у Чэхіі. Беларусы, як і ўсе каманды групы “В”, гулялі ў Астраве на лёдзе CEZ Арэны ў наступным складзе:
Лаланд (Коваль); І.Усенка — Корабаў; А.Касціцын — Калюжны (к) — С.Касціцын; Явенка — Стасенка, Дрозд — А.Стась — Гаўрус; Лісавец — Шынкевіч, А.Сцяпанаў — Кавыршын — Кулакоў; Кітараў — Волкаў — Дзямкоў; Усціненка, Дзямагін.
Лік у гульні на 11-х хвіліне адкрыў гулец маскоўскага ЦСКА Андрэй Стась, але славенцы амаль імгненна зраўнялі лік. Праз дзве хвіліны беларускую каманду вывеў наперад Андрэй Касціцын і наша каманда сышла на першы перапынак з перавагай у ліку.
У другім перыядзе шайбу ў браму славенцаў закінуў нападаючы мінскага “Дынама” Аляксей Калюжны. У гэтай дваццаціхвілінцы славенцы паводзілі сябе дастаткова апатычна і беларусы таксама крыху расслабіліся.
У апошнім перыядзе сапернікі скарысталіся памылкай беларусаў і закінулі шайбу ў іх браму. Зрэшты, гэта адбылося на апошніх хвілінах матчу і ў Славеніі заставалася мала шансаў, каб адыграцца. Да таго ж пад самую заслону адзначыўся Аляксандр Кітараў і такім чынам беларусы атрымалі пераканаўчую перамогу — 4:2.
Наступная гульня беларускай зборнай адбудзецца заўтра, у 17.15 — нашы хакеісты згуляюць са славакамі.
Фота: REUTERS