Беларускія тайбаксёры засталіся без залы напярэдадні чэмпіянату свету
Клуб не можа аплачваць камунальныя паслугі.
Вядомы беларускі клуб адзінаборстваў "Кік Файтэр" з 1 чэрвеня застаўся без трэніровачнай залы напярэдадні сусветнага першынства. Пасля павышэння тарыфаў на камунальныя паслугі клуб стаў няздольным іх аплачваць. Цяпер 150 спартоўцаў засталіся без трэніровачнай базы, паведамляе прэс-служба клуба.
Байцы "Кік Файтэра" мусяць выступаць за Беларусь на чэмпіянаце свету па тайскім боксе 13-22 жніўня ў Бангкоку.
Клуб не мае дзяржаўнага фінансавання, бо тайскі бокс не з'яўляецца алімпійскім відам спорту. Каб палепшыць сваё становішча, "Кік Файтэр" размясціў на некамерцыйнай платформе Talaka.by праект па пашырэнні трэніровачнай прасторы і абвясціў збор сродкаў на куплю новых матаў.
У складзе "Кік Файтэра" — два з самых вядомых беларускіх тайбаксёраў. Андрэй Кулебін станавіўся чэмпіёнам свету не менш за 25 разоў, а Дзмітрый Валент — 10-разовы чэмпіён свету.
Фота — emtby.com