Беларуску, якая вярнулася з Польшчы, будуць судзіць па 8 артыкулах
Аляксандра Каско
30-гадовую Аляксандру Каско, якую затрымалі пасля вяртання з Польшчы, будуць судзіць паводле 8 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы. Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні жыхаркі Ваўкавыска ва "ўчыненні злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці". Яе прозвішча ў афіцыйным паведамленні пракуратуры не называецца, але мяркуецца, што гаворка менавіта пра Каско.
Аляксандра Каско абвінавачваюць у "распальванні іншай сацыяльнай варожасці", "незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных звестак", "стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім", "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", "паклёпе на Лукашэнку", "абразе Лукашэнкі", "абразе прадстаўніка ўлады" і "абразе суддзі".
Пра затрыманне Каско пасля вяртання з-за мяжы стала вядома ў лютым. Яе арыштавалі на 10 сутак за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". На волю жанчына так і не выйшла. У сакавіку беларускія праваабаронцы прызналі Аляксандру Каско палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.