Беларусы аддаюць перавагу Opera, Яндэкс і Windows XP

Сярод краін цэнтральнай і ўсходняй Еўропы ў Беларусі самая маладая інтэрнэт-аўдыторыя

Еўрарадыё: Што змянілася за год у беларускай інтэрнэт-аўдыторыі?

 

Дарашэвіч: Змен шмат. У жніўні 2012 інтэрнэт-аўдыторыя Беларусі складала 4 мільёны 339 тысяч карыстальнікаў. Годам раней было 3 мільёна 803 тысячы карыстальнікаў. Паўмільёна за год — гэта шмат. Беларусь адна з трох краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, якая паказала за 2010-11 гады найбольшы рост аўдыторыі — 20,18%. Гэта вышэй, чым ва Украіне і Расіі.

Але магчымасці для росту да ўзроўню самых развітых краін, па ўзроўні пранікнення інтэрнэту, яшчэ ёсць. Паказчыкам у Заходняй Еўропе і, напрыклад, у Эстоніі з'яўляецца ўзровень пранікнення больш за 70%, цяпер мы кажам пра 53% у Беларусі.

Яшчэ асаблівасць — з красавіка беларуская інтэрнэт-аўдыторыя не расла, спынілася на 4,3 мільёнах, і ўсё. Можна выказаць здагадку, што ўжо вычарпаны спосабы росту за кошт зніжэння кошту. А новых прапаноў не было. Зразумела, што двухзнакавых значэнняў росту ўжо не будзе.

Еўрарадыё: Чаму рост аўдыторыі спыніўся менавіта цяпер?

 

Дарашэвіч: Заўсёды добра расце аўдыторыя, калі ёсць рост інфраструктуры. Гэта новыя тарыфы, таннейшыя тарыфы, 3G і гэтак далей. Усё гэта спрыяе росту. Цяпер ужо патрабуюцца намаганні, каб людзі, якія не ў інтэрнэце, разумелі, навошта ім інтэрнэт. Каб людзі, старэйшыя за 50 гадоў, якіх вельмі вялікая доля сярод насельніцтвы Беларусі, мелі неабходны і карысны кантэнт для сябе, а гэта цягне кампаненты медыяграматнасці. Гэта тычыцца і моладзі. А сталых трэба навучыць карыстацца інтэрнэтам. Але гэта задача патрабуе аналізу, і яна нятанная.

Еўрарадыё: Як змянілася аўдыторыя байнэту якасна?

 

Дарашэвіч: Я параўнаў аўдыторыю ў жніўні 2011 і 2012. І ведаеце, мне нават самому было цікава паглядзець. Жанчын стала больш! Было 51% мужчын, сёлета мужчын 49%. Фактар, калі становіцца больш жанчын у інтэрнэце, сведчыць пра яго сталасць. Таму што жанчыны больш лаяльныя карыстачы, чым мужчыны. Калі яны пачынаюць карыстацца інтэрнэтам, то яны ім будуць карыстацца шмат і рэгулярна. Калі жанчына, якая рыхтуецца стаць маці, чытае форумы, то яна там правядзе 9 месяцаў і яшчэ 6 гадоў

Еўрарадыё: Як змянілася аўдыторыя па ўзросце? Інтэрнэт старэе? Колькі пенсіянераў?

 

Дарашэвіч: Калі глядзець 55+, летась такіх людзей было 4,5%, цяпер — 6,64%. Вядома, самая вялікая група і асноўны рухавік інтэрнэту 25-34 гадоў (іх цяпер 30%, летась на — 2% менш). Людзей 15-34 гадоў — 60%. Гэта адзін з феноменаў, які адзначаюць аналітыкі "Геміюса". З краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, маладзей беларускай аўдыторыі — толькі хіба што ў Турцыі.

На 5% стала больш людзей, якія кажуць, што ў іх вышэйшая ці паслядыпломная адукацыя. Цяпер такіх — 39%.

Троху памянялася сямейнае становішча. Летась было больш нежанатых, незамужніх — 45%, цяпер такіх — 38%. Але, узрасла колькасць тых, хто жыве ў грамадзянскім шлюбе. І павялічыўся адсотак жанатых і замужніх — такіх 45%.

На што б я яшчэ звярнуў увагу, напрыклад, — адсотак карыстальнікаў з Мінска паменшыўся з 33,65% у 2011 годзе да 28,31% ад усёй беларускай аўдыторыі. Для мяне гэта важная і добрая характарыстыка. Людзей, якія жывуць не ў Мінску, становіцца больш у Інтэрнэце. Гэта паказвае, наколькі памяншаецца праблема лічбавай няроўнасці.

Стала больш людзей, якія карыстаюцца Інтэрнэтам кожны дзень. Летась такіх было 73,44%, цяпер 80,71%.

У Малдове Інтэрнэт патаннеў пасля таго, як знікла манаполія на вонкавы канал

Еўрарадыё: Мне не верыцца, што ў нас рост больш, чым у суседзяў? Чаму? У нас было зусім усё дрэнна, а цяпер мы пачалі даганяць?

 

Дарашэвіч: Гэта добрая гіпотэза. У нас Інтэрнэт заўсёды быў нятанны. І нават цяпер, калі ў выніку эканамічнага крызісу ён патаннеў, гэта ён патаннеў у нашым разуменні. Таму што ўсё адно ў шматлікіх сумежных краінах больш хуткасны і якасны інтэрнэт за тыя ж грошы. Да прыкладу, Малдова, — за 10 еўра людзі атрымліваюць 100 мегабітны Інтэрнэт.

Еўрарадыё: Анлім?

 

Дарашэвіч: Анлім. Такі бурны рост у Малдове адбыўся, калі ў пераходны перыяд урад змаглі пераканаць, што для росту вельмі важна, каб нацыянальны аператар не меў манаполіі на вонкавы канал. Мабільныя аператары атрымалі магчымасць мець свае каналы і пачалі развіваць оптавалакновыя сеткі. Так, яны ў іх ідуць па паветры, але гэта прывяло да здаровай канкурэнцыі і да кошту, да якога нам далёка. У Байфлай за тыя ж 100 тысяч мы атрымліваем 2 ці 3 мегабіты.

Еўрарадыё: Якое пранікненне шырокапалоснага Інтэрнэту ў суседзяў?

 

Дарашэвіч: У Эстоніі пранікненне на ўзроўні 67%, у Польшчы — 60%, Латвія — каля 60%, Літва — 58%. Але тут узнікае яшчэ адна рэч. Гэта тое, што мы разумеем пад шырокапалосным Інтэрнэтам? Часта любы доступ па АДСЛ, я мяркую, у Беларусі лічыцца шырокапалосным. У ЕС шырокапалосным пачынае лічыцца толькі з вызначанай хуткасці. У ЕС, мне здаецца, гэта вышэй 2 мегабіт, таму ў іх ставіцца задача, што ў насельніцтва павінна быць магчымасць падключэння не менш за 30 мегабіт да 2015 года.

Еўрарадыё: А ў нас пранікненне шырокапалоснага Інтэрнэту якое?

 

Дарашэвіч: У нашым даследаванні людзей, якія паказалі, што карыстаюцца шырокапалосным Інтэрнэтам — 69,16%.

Еўрарадыё: Больш чым у Эстоніі?

 

Дарашэвіч: Супастаўна. Тут проста трэба разумець, што ніжні парог нашага шырокапалоснага інтэрнэту ў нас, на жаль, ужо не адпавядае шырокапалоснаму ў суседніх краінах.

Еўрарадыё: А dial-up хтосьці карыстаецца яшчэ?

 

Дарашэвіч: Каля 5%, паказалі такі спосаб падключэння. Ён памяншаецца, летась было 7%. Расце спосаб падключэння праз мабільную сувязь. Калі летась было 8,6%, то цяпер — 12%.

У Беларусі Windows8 карыстаецца гэтулькі ж людзей, колькі IOS. А самая вялікая доля IOS у Даніі — 15%

Еўрарадыё: І колькі людзей праз мабільныя прылады выходзіць у Інтэрнэт?

 

Дарашэвіч: Тут мне падабаецца наш тэхнаметрычны сайт ranking.by. Адзін з самых любімых раздзелаў тычыцца мабільных тэлефонаў. Калі казаць пра долю мабільнага трафіку, то ў снежні 2011 года было 3,8%, з чэрвеньскіх лічбаў гэтага года бачны ўжо 4,77%. У прынцыпе, гэта лічбы сярэднія на ўзроўні Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

Лідыруе Nokia, але імкліва губляе долю. Гэта азначае, што ў вялікай колькасці людзей, якія выкарыстоўваюць мабільныя прылады, не найноўшыя тэлефоны.

На мінулым тыдні памяняліся месцамі, на другую пазіцыю выйшаў Samsung, на трэцюю — Apple. Калі казаць пра самі прылады, то лідары — iPad і iPhone, а трэцяе месца перыядычна змяняецца, досыць моцныя пазіцыі з дапамогай мабільных аператараў у Huawei і ZTE.

Варта звярнуць увагу на аперацыйныя сістэмы, адносна астатніх павялічваецца доля Android. 2% «андроидных» і 0,35% IOS. Спадзяюся, што сёлета Win7 абгоніць ХР. Гэта паказвае, што не найноўшыя кампутары ў карыстальнікаў.

У жніўні я выявіў, што ў трафіку прысутнічае Win8, якую толькі ў канцы кастрычніка плануецца афіцыйна выпусціць. А ў трафіку яна ўжо ёсць. У мяне паўстала такая антынавуковая гіпотэза: аперацыйныя сістэмы, як прыкмета эканамічнага дабрабыту краіны. Апынулася, што з 16 краін толькі ў Беларусі, Украіне, Венгрыі і Балгарыі ХР абганяе Win7. Вялікая доля IOS у Даніі — 15%. Пад 7% Android у Славакіі. Калі казаць пра Win8, то ў Беларусі 0,2%, супастаўна з IOS. А вось у Малдове — цэлых 8%.

І па-ранейшаму Google не з'яўляецца дамінатарам у пошуку. Яндэкса больш чым Google. І Facebook у нас таксама не з'яўляецца лідарам. Гэта адна з адметных асаблівасцяў Беларусі. Вконтакте і Аднакласнікі маюць вялікую аўдыторыю.

У топ-20 уваходзяць толькі 3 беларускія сайты

Еўрарадыё: У топ сайтаў па наведвальнасці ўваходзяць беларускія сайты?

 

Дарашэвіч: Тут якраз адбыліся вялікія змены з мінулага года. Толькі два сайта ў топ-10. На 5 месцы Tut.by, на 8 месцы Onliner. Onliner у жніўні абагнаў Вікіпедыю і Facebook.

Калі глядзець другую дзясятку, там бачны Белтэлекам і Байфлай. Гэта сведчыць пра тое, што карыстальнікі правяраюць свае рэсурсы і магчымасці, і пунктам уваходу ў іх з'яўляюцца гэтыя сайты. Таксама ў топ-20 — сайт “З рук у рукі”.

Калі казаць пра сацыяльныя медыі, мы ўбачым там 3 мільёны 61 тысячу карыстальнікаў, гэта 70,5% усёй аўдыторыі! Дзяўчаты 15-24 гадоў амаль усе карыстаюцца сацсецівам.

Я будаваў дыяграму, дзе параўноўваў карыстальнікаў сацсеціва і навінавых рэсурсаў, і там можна заўважыць некалькі вельмі важных кропак. Калі раней тыповым карыстальнікам навінавых сайтаў быў мужчына 35+ з сярэднім дастаткам і вышэйшай адукацыяй, то ў жніўні 2012 года я бачу такі трэнд: жанчын 25-34 гадоў стала больш, і іх ужо гэтулькі ж, колькі і мужчын.

 

Еўрарадыё: Чым адрозніваюцца інтарэсы мужчын і жанчын у інтэрнэце?

 

Дарашэвіч: Інтарэсы ва ўзросце 25-34 падобныя і раўнамерныя паміж сацмедыя і навінавымі. Мужчыны ва ўзросце 35-44 наведваюць гэтулькі ж сацыяльных сайтаў, колькі навінавых. У жанчын гэтага ж узросту больш сацыяльных. Ва ўзросце 55+ там і мужчыны, і жанчыны наведваюць больш навінавыя сайты.

Можна сказаць, якія сайты больш жаночыя, а якія — больш мужчынскія. Вялікая доля жанчын: buh.by бухгалтарскі сайт, там 78% жанчын, і яны робяць 91% праглядаў старонак і 93% часу. Мужчыны туды трапляюць зусім выпадковыя. Далей portniha.by — 72%, rebenok.by, 5ballov.ru, diva.by — 68% жанчын, але яны робяць 97% праглядаў старонак. gippokrat.by, oede.by, zefira.net, second.by. Робім выснову, што жанчыны аддаюць перавагу сайтам звязаным з вандроўкамі, дзецьмі і падрыхтоўкай ежы. Самая вялікая наведвальнасць у сайтаў zefira.net і oede.by у калядныя святы і пачатак жніўня, калі збор ураджаю.

Еўрарадыё: А што ж з мужчынскімі?

 

Дарашэвіч: Вось я бачу Аўтамалінаўку - 67,5% мужчын, abw.by - 65,6%. У мужчынскіх лідарах maxigame.by, torrents.by, radioaplus.by у іх амаль 80%. Потым ідуць itv.by, uvaga.by, sng.by, football.by, pusk.by, kv.by, renault-club.by, providers.by, goals.by, pressball.by, belarushockey.com. На ўзроўні 60% пачынаюць падцягвацца навінавыя сайты: Наша ніва,  gazetaby.com, ну гэтак далей. У Онлайнера 60% мужчынскай аўдыторыі. Тут ужо вылучаюцца — спорт, аўтамабілі і геймерскія сайты, плюс кампутарныя навіны. Усё даволі прадказальна.

Еўрарадыё: А як сітуацыя з відэа-кантэнтам у інтэрнэце?

 

Дарашэвіч: Youtube у Беларусі ўваходзіць у дзясятку самых наведвальных рэсурсаў. Ім карыстаецца 37%, гэта 1,6 мільёна чалавек. У суседніх еўрапейскіх краінах, 50% і больш. Я б звярнуў увагу на сайты myhit.ru, Кинопоиск, Рутрекер і megogo.net, яны не ў дзясятцы, але блізка. Megogo цікавы тым, што ў яго легальны кантэнт. Гэты ўкраінскі праект добра, што з'явіўся і рухаецца наперад. Ён мае 7,5% ахопу ў жніўні.

Я аналізаваў той жа myhit.ru, будаваў яго профіль ён атрымаўся такім: гэта людзі з сярэднім прыбыткам вышэйшай адукацыяй, што характэрна для гарадоў менш за 50 тысяч. Гэта паказвае, што людзі выкарыстоўваюць Інтэрнэт для прагляду кіно. За развіццём відэарэсурсаў варта назіраць. Калі інфраструктуры будзе больш, і я спадзяюся, Інтэрнэт будзе таннець і будуць шырэй каналы, то людзі пачнуць больш глядзець кіно.

Еўрарадыё: Летась booking.com нечакана выйшаў наперад у Беларусі? Ці былі сёлета падобныя сайты?

 

Дарашэвіч: Ёсць адзін цікавы прыгожы прыклад. У сакавіку было тэставае даследаванне, дзе парог траплення сайтаў з Software панэлі быў трохі паніжаны, і там мяне прыцягнула наяўнасць сайта minsktrans.by. Я падумаў, чым жа гэта цікава? Пабудаваў яго профіль — 15% карыстальнікаў з Мінска заходзяць на дадзены сайт. Вельмі цікавая рэч. У Мінску транспарт ездзіць па раскладзе, калі паглядзець у кіроўцы ўсталяваны GPS прымачы і GSM прылады. Яны трэкуюць рух транспарту, і кіроўца бачыць: апярэджвае ён графік ці адстае. Расклад даступны ў інтэрнэце і змешчаны на googleplay і applestore. Па колькасці спамповак гэта адзін з самых лепшых паказчыкаў беларускіх прылажэнняў.

Моладзь карыстаецца гэтым сайтам, каб даведацца расклад. 90% менскія карыстальнікі і 27%, якія сказалі, што ў іх няскончаная вышэйшая адукацыя — студэнты. Вось прыклад! Калі існуе карысны сэрвіс, то людзі будуць ім карыстацца.

Хацелася б, што б было больш карысных рэсурсаў і сэрвісаў для беларусаў. Гэта павялічыць колькасць карыстальнікаў. Адным з такіх магчымых спосабаў могуць стаць банкі. На жаль, на ўзроўні ахопу 7% банкі не бачныя. Толькі адзін раз быў бачны Беларусбанк. А ў краінах Балтыі вельмі спрыялі развіццю інтэрнэту менавіта банкі. Яны дазвалялі не плаціць грошы за плацёжкі праз інтэрнэт,  былі магутным каталізатарам. Ва Украіне Прыватбанк трапляе ў топ-20. Людзі карыстаюцца актыўна яго сэрвісамі. У нас жа, Нацбанк і Беларусбанк, прыблізна на ўзроўні 4% і 3,5% ахопу. Гэтыя сэрвісы, я ўпэўнены, будуць развівацца.

Крыніца: Gemius, даследаванне gemiusAudience 07/2012

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі