Беларусы ў 2021 годзе актыўна вучыліся анлайн — і вось што яны вывучалі

Дыстанцыйнае навучанне / pixabay
Дыстанцыйнае навучанне / pixabay

Беларусы ўвайшлі ў топ самых актыўных карыстальнікаў навучальных курсаў Coursera. Актыўней за нас з краін Усходняй Еўропы вучыліся ў анлайн-фармаце толькі расіяне. Усіх іншых суседзяў беларусы пакінулі далёка ззаду і занялі ў агульнаеўрапейскім рэйтынгу аматараў павучыцца 12-е месца.

Праз пандэмію людзі ва ўсім свеце страцілі прыкладна 255 млн працоўных месцаў. Так што з красавіка да канца снежня 2020 года сэрвіс даваў магчымасць прайсці курсы бясплатна. І гэтай магчымасцю скарысталіся каля мільёна чалавек, якія засталіся без працы.

Еўрарадыё вывучыла гадавую справаздачу платформы Coursera і расказвае, што беларусы вывучалі сёлета актыўней за ўсё.

 

Што гэта наогул за курсы такія?

Coursera — анлайн-платформа, якая супрацоўнічае з універсітэтамі ў розных краінах свету і прапануе курсы па самых розных спецыяльнасцях. Тут можна дыстанцыйна вывучыць усё — і новую замежную мову, і новую мову праграмавання.

Пры гэтым курсы пабудаваныя так, што трэба будзе і камунікаваць з аднагрупнікамі — таксама дыстанцыйна, і выконваць хатнія заданні. То-бок гэта не асобныя лекцыі, а паўнавартасныя курсы. Усяго да гэтай анлайн-платформы ва ўсім свеце падключаныя 77 млн карыстальнікаў!

Белорусы в 2021 году активно учились онлайн — и вот что они изучали
Вучоба / pixabay

У першы ж год работы Coursera пачала працаваць з Прынстанам, Стэнфардам, Мічыганскім і Пенсільванскім універсітэтамі. Большасць курсаў на англійскай мове, але беларусаў гэта, як бачым, не спыніла.

У асноўным Coursera — гэта пра веды, а не пра "корачку". Але ёсць некалькі курсаў, пасля заканчэння якіх можна здаць анлайн-экзамен па відэасувязі, заплаціць прыкладна 60-90 долараў — і атрыманы атэстат могуць залічыць у амерыканскіх каледжах.

Цяпер больш падрабязна пра тое, чаму вучыліся беларусы.

 

Лідары сярод краін Еўропы

Беларусы вывучалі тэхналогіі з дапамогай сэрвісу актыўней за ўсіх іншых еўрапейцаў. Акрамя беларусаў, у топ-5 увайшлі Чэхія, Венгрыя, Балгарыя і Украіна.

Найбольшую цікавасць у навучэнцаў з Беларусі выклікалі наступныя сферы: камп'ютарнае праграмаванне, мабайл, вэб, тэарэтычныя камп'ютарныя навукі і праграмная інжынерыя.

Белорусы в 2021 году активно учились онлайн — и вот что они изучали
Праграмаванне / pixabay

Цікава, дарэчы, што ў іншых краінах Еўропы распрацоўка мабільных праграм сталася найменш запатрабаваным курсам. Складальнікі справаздачы робяць выснову, што еўрапейцы не адчуваюць, што гэтая сфера запатрабаваная. А магчыма, працадаўцы разлічваюць у асноўным на аўтсорс з іншых рэгіёнаў.
 

Вы шукаеце працу?

Складальнікі справаздачы пішуць, што спецыяльнасці ў сферы бізнесу традыцыйна не асабліва папулярныя ў краінах Усходняй і Паўднёвай Еўропы. Тым не менш HR (human resources, праца з чалавечымі рэсурсамі) навучэнцы з гэтых краін асвойваюць цалкам ахвотна. А лідары тут — Расія, Беларусь, Украіна, Эстонія, Літва.
 

Вялікія звесткі

Курсы ў сферы Data Science — гэта значыць працы з вялікімі звесткамі — найбольш папулярныя ў Заходняй і Паўночнай Еўропе. Але і Беларусь прадэманстравала нядрэнны вынік: з 82 краін спіса яна на 11-м радку.

Вынікі гэтай справаздачы не значаць, што беларусы наогул не вучылі замежныя мовы ці не цікавіліся кінематографам — так, такія курсы на партале таксама ёсць. Проста справаздача складалася на аснове звестак пра найбольш папулярныя курсы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі